Завяршыўся адкрыты чэмпіянат раёна па міні-футболе. Апроч прызнаных фаварытаў, міні-футбольных клубаў “Дарожнік” і КУПП “Бароўка”, у турніры выступілі МФК “Лепелька”, “АСБ-3609”, “Энергетык”, дзве каманды фізкультурна-аздараўленчага цэнтра і зборная аграрна-тэхнічнага каледжа.

Завяршыўся адкрыты чэмпіянат раёна па міні-футболе. Апроч прызнаных фаварытаў, міні-футбольных клубаў “Дарожнік” і КУПП “Бароўка”, у турніры выступілі МФК “Лепелька”, “АСБ-3609”, “Энергетык”, дзве каманды фізкультурна-аздараўленчага цэнтра і зборная аграрна-тэхнічнага каледжа.

Воляю лёсу “Дарожнік” і КУПП “Бароўка” сустракаліся ў апошнім туры, таму перад імі стаяла задача не страціць ачкі з сапернікамі, што саступалі ў класе. І фаварыты са стартавых тураў пачалі дэманстраваць высокае выканальніцкае майстэрства і паказваць прыгожую гульню. У актыве “дарожнікаў” — уражлівыя разгромы каманд ФАЦ-1 (18:0) і “АСБ-3609” (11:3). Толькі гульцы ФАЦ-2 здолелі навязаць футбалістам “Дарожніка” барацьбу і прапусціць менш за сем мячоў. І ўсё ж пацярпелі “сухое” паражэнне (0:4).

Упэўнена крочылі да фінальнай сустрэчы і майстры скуранога мяча КУПП “Бароўка”. У турнірнай табліцы вылучаліся перамогі над аграрна-тэхнічным каледжам (12:2) і ФАЦ-1 (12:3). Аднак МФК “Лепелька” дала сапраўдны бой футбалістам “Бароўкі”, але прыкра ў канцоўцы ўсё ж саступіла (2:3).

Саступіла “Лепелька” і гульцам “Дарожніка”, але, атрымаўшы пяць звычайных перамог, заслужана заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату.

Апошні матч чэмпіянату — фінальная дуэль паміж “Дарожнікам” і КУПП “Бароўка”, у якой і вырашаўся лёс залатых медалёў. Гульня выклікала вялізную цікавасць у заўзятараў, якія самым шалёным чынам “гнали” сваіх улюбёнцаў наперад.

У першым тайме гульнявой перавагай валодалі футбалісты “Дарожніка”, гульцы са стартавым свісткам пачалі планамерную аблогу варожай брамы. Але мяч самым здрадніцкім чынам не залетал у сетку варот. “Квінтэсэнцыя” змарнаваных магчымасцей — момант, калі гульнявы снарад трапіў у перакладзіну і, пад уздыхі заўзятарскіх шкадаванняў, вылецеў у поле. Да гонару футбалістаў “Бароўкі”, яны стараліся “грызціся” ў контрударах і шукалі прыдатны момант для перахопу ініцыятывы.

Такі момант адбыўся ў другім тайме, калі гулец “Дарожніка” здзейсніў фол на суперніку ў штрафной плошчы, і суддзя паказаў на “кропку”. Удар нападніка КУВП “Бароўка” Арцёма Ладнова быў неберучым — 1:0. “Дарожнікі” не адразу змаглі ўжыцца ў ролю “даганяючых”, і следам прапусцілі яшчэ адзін, зусім неабавязковы, гол.

Прапускаючы два мячы, гульцам “Дарожніка” губляць было няма чаго, і яны вялікімі сіламі ўзяліся атакаваць вароты суперніка. Разыгрыш вуглавога, і нехітрым, але эфектным ударам “з носка” Дзмітрый Лень скарачае разрыў у ліку. Дамагчыся большага не дазволілі футбалісты “Бароўкі”, якія “падлавілі” апанентаў, забілі трэці мяч і паставілі заключную кропку ў прыгожым паядынку. У складзе КУВП “Бароўка” дублем адзначыўся Арцём Ладнов, адзін мяч на рахунку Яўгена Самарына. У канцоўцы “дарожнікі” выпусцілі “ганялу”, але поспеху гэта не прынесла. Перамога за КУВП “Бароўка” з лікам 3:1 і званне чэмпіёнаў раёна па міні-футболе сезона 2017. У МФК “Дарожнік” — “серабро”, у “Лепелькі” — “бронза”. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Міхно і дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Рымантас Скрыпейкіс уручылі медалі чэмпіянату і ўзнагародзілі найлепшых гульцоў: Эдуарда Буйніцкага (“Энергетык”), Сяргея Носіка (“Дарожнік”), Арцёма Ладнова (КУВП “Бароўка”).

Яўген НІКАЛАЕЎ.
На здымку: пераможцы чэмпіянату — футбалісты КУВП “Бароўка”. Фота аўтара.