2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе "Скураны мяч" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба падышлі да чарговых фіналаў. Першымі вызначаць наймацнейшых футбалісты сярэдняй узроставай групы, якія пачнуць свой фінальны турнір 6 верасня ў Наваполацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнцкага спортклуба. Прэтэндэнтамі на перамогу сярод 11-12-гадовых хлопцаў будуць каманды "Вымпел" (Івацэвіцкі раён), "Старт" (Міёрскі раён), "Вымпел" (Гомель), зборная Навагрудскага раёна, "Алімпік" (Слуцкі раён), а таксама дзве сталічныя дружыны - "Арляня" з Цэнтральнага раёна і "Партызан" з аднайменнага раёна. Пераможца і прызёры ў гэтай узроставай групе вызначацца 10 верасня. Другі фінал для 13-14-гадовых футбалістаў пройдзе з 13 па 17 верасня ў Гродне. На фінішную прамую тут выйшлі "Зорка" (Баранавічы), "Юнацтва" (Лепельскі раён), "Віцязь" (Гомель), дружына са Шчучынскага раёна, каманда з Маладзечна, "Ветразь" (Бялыніцкі раён) і сталічныя "Тарнада" з Маскоўскага раёна і "Партызан" з Партызанскага раёна. Турнір "Скураны мяч" неўзабаве адзначыць свой паўвекавы юбілей. За гэты час у ім узялі ўдзел мільёны хлапчукоў, а некаторыя з іх ужо ўпісалі сваё імя ў гісторыю сусветнага футбола. Арганізатары цяперашніх спаборніцтваў спадзяюцца, што і на гэты раз запаляць новыя футбольныя зорачкі, якія ў будучыні прыйдуць на змену цяперашнім майстрам беларускага футбола. Па традыцыі пераможцы і прызёры атрымаюць каштоўныя прызы і памятныя кубкі, а ўсе фіналісты спаборніцтваў - сувеніры ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Акрамя яго ў ліку арганізатараў турніру з'яўляюцца Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ і асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола". Генеральны спонсар - кампанія "БТТэлекамунікацыі" закрытага акцыянернага таварыства "БелТэхЭкспарт", партнёры - Гандлёвы дом "БЕЛАЗ" і Беларуская калійная кампанія.-0-

БЕЛТА