Фінансаванне дзяржпраграм у Беларусі будзе скарачацца - Мінэканомікі
15.7.20110 праглядаў
15 ліпеня, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. Фінансаванне дзяржаўных праграм у Беларусі будзе скарачацца. Пра гэта заявіў сёння начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Антон Даўгавечны на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пазіцыя міністэрства - вывесці эканоміку на збалансаванае развіццё, сказаў Антон Даўгавечны. У гэтых умовах павінна быць збалансавана і фінансаванне дзяржпраграм. "Усе праграмы адсочваюцца ў Мінэканомікі, але калі мы кажам, што іх трэба скарачаць, праводзім нарады, узгадняем", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення. Па словах прадстаўніка Мінэканомікі, "гэтымі праграмамі мы забралі тыя грошы, якія маглі пайсці ў бізнес, на эфектыўныя праекты". Цяпер у міністэрстве спрабуюць аптымізаваць гэты працэс, каб дзяржпраграмы не абцяжарвалі развіццё эканомікі.
На думку Антона Даўгавечнага, неефектыўным таксама з'яўляецца рэгуляванне цэн. "Рэгуляванне цэн неефектыўна нават у сярэднетэрміновай перспектыве, яно забівае канкурэнцыю і можа прыводзіць да страт", - сказаў ён. Да лібералізацыі цэнаўтварэння ў Беларусі былі даўно гатовыя, але гэтыя дзеянні былі прыняты не ў зусім удалы час, лічыць прадстаўнік міністэрства. Ён таксама адзначыў, што выйсці на адзіны абменны курс беларускага рубля неабходна ў бліжэйшы час. "Калі мы будзем працягваць макраэканамічную палітыку, павінен быць свабодны доступ да замежнай валюты па тым курсе, які складзецца", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што дзеянні павінны быць такімі, каб не было пікавых ваганняў - па 5% у дзень, але трымаць курс нельга. "Гэта можна рабіць месяц, але больш трымаць нельга, інакш будзе заціснута эканоміка", - сказаў Антон Даўгавечны.
Пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна, якая выступіла на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў, таксама лічыць, што дасягнуць мэт па ўсталяванні адзінага курса можна шляхам змяншэння крэдытавання дзяржаўных праграм. У гэтай сітуацыі будзе натуральным пакінуць фінансаванне праграм на рынкавых умовах. Наталля Калядзіна таксама адзначыла, што МВФ не супраць павышэння заработнай платы, але "нельга дапусціць залішняга павышэння".
Паводле яе слоў, хацелася б, каб адаптацыя да новых умоў у Беларусі прайшла хутчэй. Важна, каб бізнес атрымаў новыя магчымасці і ўмовы для працы. А прадпрыемствы, якія раней не адчувалі і не бачылі неабходнасці ў рэформах, павінны стаць больш эканомнымі. У гэтай сітуацыі, лічыць Наталля Калядзіна, лібералізацыя цэн дапаможа прадпрыемствам адаптаваць свой бізнес. Рубель павінен быць ацэнены рынкам, унутраныя цэны ў далейшым будуць вызначацца попытам.
Лібералізацыя цэн дапаможа ажыццявіць важны крок: затраты Беларусі будуць адпавядаць затратам краін-канкурэнтаў або будуць нават ніжэйшымі. Гэта будзе спрыяць прасоўванню беларускіх прадпрыемстваў на рынак, падкрэсліла пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі. -0-
БЕЛТА