21 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Віцебскі абласны тэрытарыяльны фонд Дзяржаўнай маёмасці "Віцебскаблмаёмасць" за першы квартал бягучага года прадаў нерухомасць на суму больш за Br2,7 млрд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар фонду Міхаіл Паўлючкоў.

За студзень-сакавік гэтага года праведзена 8 выніковых таргоў, на якіх прададзена 8 аб'ектаў нерухомасці на суму больш за Br2,7 млрд. Самая высокая цана продажу была ўстаноўлена для невыкарыстоўваемага будынка сталоўвай у вёсцы Лужасна Віцебскага раёна. Пры пачатковай цане крыху больш за Br2,1 млрд аб'ект прададзены за Br2,2 млрд гандлёвай кампаніі, якая плануе стварыць тут гіпермаркет.

Астатнія аб'екты рэалізаваны пераважна без таргоў фізічным асобам і па зніжанай цане. За адну базавую велічыню (цяпер яна складае Br150 тыс.) прададзены невыкарыстоўваны будынак школы з усімі камунікацыямі ў вёсцы Губіна Лепельскага раёна і будынак сталоўвай з прылеглымі аб'ектамі добраўпарадкавання ў гарадскім пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна.

На бягучы год было прызначана 39 аўкцыёнаў, але іх колькасць штомесяц павялічваецца. У красавіку-маі 2014 года на аўкцыённы продаж выстаўлена 90 аб'ектаў нерухомасці камунальнай уласнасці. Па папярэдніх падліках, іх агульная сума складзе Br3 млрд.

Гаворачы аб існуючых праблемах пры рэалізацыі невыкарыстоўваемай нерухомай маёмасці, Міхаіл Паўлючкоў адзначыў незапатрабаванасць значнай колькасці будынкаў і збудаванняў у сельскай мясцовасці з дрэнна развітай інфраструктурай, удалечыні ад месцаў пражывання грамадзян.