19 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Форум людзей старэйшага пакалення ўпершыню пройдзе ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Мерапрыемства адбудзецца 28 кастрычніка ў пасёлку Ноўка Віцебскага раёна. Яго ўдзельнікамі стануць каля 250 чалавек. Гэта прадстаўнікі раённых і гарадскіх выканкамаў, саветаў ветэранаў, арганізацый БТЧК, супрацоўнікі сістэмы сацыяльнай абароны, аховы здароўя, члены БРСМ, а таксама непасрэдна ўдзельнікі ініцыятыўных груп і клубаў пажылых людзей, створаных пры гарадскіх і раённых арганізацыях БТЧК.
У межах форуму людзі "залатога" ўзросту раскажуць аб сваім удзеле ў праектах па арганізацыі занятасці і вольнага часу, прапагандзе здаровага ладу жыцця, аказанні ўзаемадапамогі. Удзельнікам мерапрыемства будуць прэзентаваны міні-праекты "Крыніца" (Сенненскі раён), "Дом без адзіноты" (Дубровенскі раён), "Дабрабыт" (Віцебскі раён), "Адраджэнне" (Лёзненскі раён), якія рэалізуюцца на сродкі Кансорцыума Аўстрыйскага, Нямецкага, Швейцарскага Чырвонага Крыжа. "Кожны з іх дазваляе пажылым людзям адчуць сябе запатрабаванымі, стымулюе да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці", - адзначылі спецыялісты.
Таксама на форуме будуць абмяркоўвацца пытанні старэння насельніцтва, захавання здароўя пажылых, магчымасці іх удзелу ў жыцці грамадства. Аб сваім вопыце працы з пажылымі людзьмі раскажуць прадстаўнікі Пскоўскай арганізацыі Чырвонага Крыжа (Расія). Усе гэтыя пытанні носяць актуальны характар для Віцебскай вобласці, бо 24% насельніцтва, якое пражывае тут, складаюць менавіта асобы пажылога ўзросту, дадалі ў арганізацыі.-0-
БЕЛТА
Форум людзей сталага веку ўпершыню пройдзе ў Віцебскай вобласці
19.9.20110 праглядаў