Форум па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях" пройдзе сёння ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", паведамляе БЕЛТА.

Галоўная тэма форуму - "Адкрыты парк "Вялікі камень" - прыклад глабальных магчымасцей". Мерапрыемства збярэ каля 500 удзельнікаў. Гэта прадстаўнікі ўрадаў, кіраўнікі бізнес-асацыяцый, інвестыцыйных фондаў, банкаў, а таксама буйных кампаній з краін Еўрапейскага і Азіяцкага рэгіёнаў.

Гэта першае маштабнае мерапрыемства на тэрыторыі парку, якое стане працягам Форуму міжнароднага супрацоўніцтва "Пояса і шляху", што адбыўся ў красавіку гэтага года ў Пекіне.

Праграма форуму даволі абшырная. Ключавой тэмай пленарнага пасяджэння стане ўдзел дзяржаў у глабальнай ініцыятыве "Пояс і шлях". На чатырох панэльных секцыях удзельнікі абмяркуюць інавацыйнае развіццё і новыя тэхналогіі, транспартныя і лагістычныя сістэмы, перспектывы супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі, а таксама развіццё "Вялікага каменя" як разумнага экагорода. Запланавана падпісанне двухбаковых дакументаў, рэгістрацыя новых рэзідэнтаў парку.

30 чэрвеня ў парку адкрылася выстава беларускіх і кітайскіх тавараў і паслуг, на якой прадстаўлена прадукцыя амаль 200 беларускіх і кітайскіх кампаній, якія працуюць у такіх галінах, як машынабудаванне і прамысловае абсталяванне, энергетыка, транспарт і лагістыка, будаўніцтва і дрэваапрацоўка, навука і тэхналогіі, IT і тэлекамунікацыі, фармацэўтыка, сельская гаспадарка і харчовыя прадукты, паслугі (прамысловае праектаванне, метралогія, кансалтынг).

Арганізатарамі форуму з'яўляюцца Міністэрства эканомікі Беларусі і Міністэрства камерцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Саарганізатарамі выступаюць Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Бюро па садзейнічанні знешняму гандлю пры Міністэрстве камерцыі КНР, адміністрацыя індустрыяльнага парку "Вялікі камень", Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку".

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" з'яўляецца міжнароднай пляцоўкай для стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей у перадавых сферах дзейнасці з прымяненнем беспрэцэдэнтных льгот і прэферэнцый. У парку зарэгістраваныя 44 кампаніі з КНР, Беларусі, Аўстрыі, Германіі, Расіі, Літвы, ЗША, Ізраіля, а аб'ём заяўленых інвестыцый у праекты перавышае $1 млрд.