28 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Форум сталага пакалення адкрыў сёння чараду мерапрыемстваў у Віцебскай вобласці да Дня пажылых людзей. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Удзельнікамі мерапрыемства, арганізаванага ў пасёлку Ноўка Віцебскага раёна, сталі каля 250 чалавек. Гэта прадстаўнікі раённых і гарадскіх выканкамаў, саветаў ветэранаў, арганізацый БТЧК, супрацоўнікі сістэмы сацыяльнай абароны, аховы здароўя, члены БРСМ, а таксама непасрэдна ўдзельнікі ініцыятыўных груп і клубаў пажылых людзей, створаных пры гарадскіх і раённых арганізацыях БТЧК. У ходзе форуму яны абмяркуюць пытанні старэння насельніцтва, захавання здароўя пажылых, магчымасці іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Сваім вопытам работы з пажылымі людзьмі падзеляцца прадстаўнікі Пскоўскай арганізацыі Чырвонага Крыжа (Расія), а таксама раённыя арганізацыі Віцебскага аддзялення БТЧК, якія правядуць прэзентацыі праектаў па арганізацыі занятасці і вольнага часу, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, аказання ўзаемадапамогі пажылымі людзьмі. У бліжэйшыя дні мерапрыемствы да Дня пажылых людзей пройдуць у Віцебскай вобласці паўсюдна. Так, у бібліятэчнай сетцы вобласці запланаваны літаратурна-музычныя і паэтычныя сустрэчы з удзелам людзей старэйшага ўзросту. У раённых і гарадскіх дамах культуры, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання, аддзяленнях дзённага знаходжання адбудуцца "блакітныя агеньчыкі", вечары адпачынку. Прыёмы ветэранаў працы з уручэннем сувеніраў і падарункаў правядуць прадпрыемствы і арганізацыі, ушанаванні таксама будуць арганізаваны ў мясцовых органах улады. У Віцебску 30 верасня пажылыя гараджане запрошаны ў канцэртную залу "Віцебск" на канцэрт з удзелам лепшых творчых калектываў горада. Свае дзверы для іх расчыняць 1 кастрычніка музеі абласнога цэнтра. А ў Оршы прадстаўнікі залатога ўзросту будуць не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў: з 28 верасня тут стартаваў гарадскі фестываль мастацкай творчасці пажылых людзей, завяршальны этап якога пройдзе 12 кастрычніка. Катэгорыя людзей пажылога ўзросту складае 24% насельніцтва Віцебскай вобласці. Аднак гэта актыўныя і дзейныя ўдзельнікі жыцця грамадства, якія ўносяць свой пасільны ўклад у развіццё рэгіёну, дадалі ў камітэце. -0-

БЕЛТА