3 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рост заработнай платы і захаванне сацыяльных гарантый на прыватызаваных прадпрыемствах з'яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці прафсаюзаў у цяперашні час. Пра гэта паведаміла ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч.
ФПБ настойвае на тым, каб рост заработнай платы суадносіўся з ростам аб'ёмаў вытворчасці. "На асобных прадпрыемствах пры растучых эканамічных паказчыках тэмпы росту заработнай платы застаюцца нізкімі", - канстатавала суразмоўніца.
Ва ўмовах раздзяржаўлення і прыватызацыі, прыходу прыватных уласнікаў прафсаюзы маюць намер патрабаваць прадастаўлення гарантый па захаванні працоўных месцаў. Калі прадпрыемства вядзе актыўнае тэхнічнае пераўзбраенне, у выніку чаго скарачаюцца штаты, то прафсаюзы настойваюць на стварэнні дадатковых працоўных месцаў і кампенсацыі работнікам у сувязі з неабходнасцю пераатэстацыі.
Яшчэ адно патрабаванне датычыцца захавання і няўхільнага выканання калектыўных дагавораў. "З прыходам прыватнага ўласніка становішча працоўных не павінна пагаршацца, і прафсаюзы маюць намер сачыць за гэтым", - падкрэсліла Алена Манкевіч. Калектыўныя дагаворы з'яўляюцца гарантыяй абароны правоў работнікаў. У сувязі з гэтым прафсаюзы настойваюць на тым, каб палажэнні Генеральнага пагаднення паміж урадам, прафсаюзамі і саюзам наймальнікаў сталі з рэкамендацыйных абавязковымі ў калектыўных дагаворах канкрэтных прадпрыемстваў. -0-
БЕЛТА
ФПБ намерена следить за сохранением социальных гарантий на приватизируемых предприятиях
3.2.20120 праглядаў