Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе ўдасканаліць сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе ўдасканаліць сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ.
Гэтая тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, якое прайшло ў штаб-кватэры федэрацыі. "Вытворчасці, якія праходзяць мадэрнізацыю, безумоўна, маюць патрэбу ў тым, каб работнікі пастаянна павышалі сваю кваліфікацыю. У сувязі з гэтым мы ставім перад нашымі сацыяльнымі партнёрамі пытанне аб неабходнасці ўдасканалення сістэмы пастаяннага навучання. Сёння неабходна матываваць і наймальніка, і работніка да пастаяннага прафесійнага росту. Ад гэтага напрамую залежыць прадукцыйнасць працы, а значыць, і эфектыўнасць працы прадпрыемства, і заработная плата работніка", - адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.
У якасці прыкладу быў прыведзены вопыт многіх вядучых кампаній у сферы IT, дзе работнікам літаральна прапісваецца дарожная карта развіцця: калі, дзе і чаму ён можа навучыцца, і як гэта будзе адлюстроўвацца на яго кар'ерным росце і заработнай плаце. "Падобную сістэму неабходна ўкараняць ва ўсіх сферах і на ўсіх вытворчасцях. Гэта можна рэалізаваць і праз стварэнне спецыяльных цэнтраў пераабучэння пры вядучых прадпрыемствах краіны, і праз удасканаленне работы галіновых інстытутаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Адпаведныя прапановы мы маем намер закласці ў новае генеральнае пагадненне, над якім зараз вядзецца праца", - падкрэсліў Міхаіл Орда.
Падчас пасяджэння савета ўрад, аб'яднанні наймальнікаў і прафсаюзаў абмеркавалі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Беларусі за пяць месяцаў гэтага года, развіцця рынку працы і садзейнічання занятасці насельніцтва.
Як адзначылі ў ФПБ, напружанасць на рынку працы знізілася, а колькасць вакансій, па дадзеных на 1 чэрвеня, склала каля 70 тыс., што на 39,6% больш, чым у мінулым годзе. Разам з тым прафсаюзы звяртаюць увагу на тое, што за 5 месяцаў бягучага года звольнена больш за 267 тыс. чалавек, а прынята на працу на 32,3 тыс. менш. У сувязі з гэтым бакі працягнуць працу па недапушчэнні звальнення работнікаў з-за ліквідацыі арганізацыі, скарачэння колькасці або штата без наступнага іх працаўладкавання.