Дзесяць лепельчан прынялі ўдзел у зімовай абласной спартакіядзе актыву ГА «БРСМ» у вёсцы Малыя Лётцы. На гэты раз яна была прысвечана 75-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці.

 Дзесяць лепельчан прынялі ўдзел у зімовай абласной спартакіядзе актыву ГА «БРСМ» у вёсцы Малыя Лётцы. На гэты раз яна была прысвечана 75-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці.
 Стральба па мішэні і штрафныя кругі, зімовы футбол і хадзьба на лінолеуме… Арганізатары прыдумалі больш за дзесятак конкурсаў, каб праверыць на цягавітасць працоўную моладзь. У той дзень снег на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Энергетык» сапраўды быў «гарачым». 

 Не выявіць лепшых спартсменаў, а аб'яднаць і забавіць моладзь – вось якая асноўная мэта гэтага мерапрыемства. Таму каманды і фарміраваліся не па раённым прынцыпе, а шляхам жараб'ёўкі. Так, медаль за першае месца прывезла выкладчыца Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа Дзіна Ігнатовіч. У камандзе, якая заняла другое месца, удзельнічала дзяжурная СПФ «Заазер'е» Наталля Кузьмічонак. Каманда ж Паўла Занько стала трэцяй.

Хлопцы паказалі свае фізічныя здольнасці, праявілі кемлівасць. Да прыкладу, у конкурсе «Сканворд» загаданае слова расшыфроўвалі па эстафеце: вырашалі прыклады, вылічвалі патрэбную літару алфавіта. У «Гольфе на пакрышках» нялёгка было хлопцам: везлі з пагорка на велізарных колах «каштоўны груз» – дзяўчат. Знайшлося месца і для гульні, якую ўсе памятаюць з дзяцінства – «Выбівалы». Прычым, зімовыя і летнія віды спорту не размяжоўваліся: ганялі мяч па заснежаным полі, стралялі па мішэнях з пейнтбольнай зброі. За промахі, як і ў сапраўдным біятлоне, штрафныя секунды. Завяршылася спартыўнае свята дыскатэкай.

 Кацярына АСОЎСКАЯ

На здымку: лепельчане на спартакіядзе.