4 лістапада, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. Футбалісты барысаўскага БАТЭ пацярпелі чацвёртае паражэнне ў матчах чэмпіянату Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У гульні 30-га тура лідар чэмпіянату ў Наваполацку нечакана прайграў аднаму з аўтсайдараў мясцоваму "Нафтану" з мінімальным лікам 0:1 (Зюлеў, 31). Гэта першая перамога "Нафтана" над барысаўскай дружынай у матчах нацыянальнага першынства. Дзякуючы выйгрышу ў галоўнага фаварыта першынства, падапечныя Ігара Кавалевіча сышлі з апошняга месца ў турнірнай табліцы. Вынікі астатніх суботніх сустрэч: ФК "Мінск" - "Белшына" (Бабруйск) - 2:2 (Вайцяхоўскі, 50, Разін, 52; Талканіца, 33, Булыга, 90+4, з пенальці) "Славія" (Мазыр) - "Нёман" (Гродна) - 0:1 (Савіцкі, 53) Цэнтральны матч тура адбудзецца сёння ў Салігорску, дзе сустрэнуцца два фаварыты – мясцовы "Шахцёр" і мінскае "Дынама" (прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь-2" у 15.55). Для гасцей гэтая сустрэча будзе асабліва прынцыповай, бо яны ўжо два разы саступілі гарнякам - у траўні на сваім полі (1:2), а ў жніўні ў гасцях (0:1). У выпадку перамогі футбалісты "Шацёра" амаль напэўна не саступяць нікому другую пазіцыю ў турнірнай табліцы да фінішу першынства. У заключнай гульні нядзельнага дня "Гомель" прыме на сваім полі жодзінскі клуб "Тарпеда-БелАЗ". У супрацьстаянні гэтых апанентаў пакуль парытэт – у першым крузе гамяльчане выйгралі ў сябе дома 2:0, а ў Жодзіне саступілі 0:1. Турнірнае становішча: 1. БАТЭ (Барысаў) - 61 ачко (27 матчаў; розніца мячоў 44-14). 2. "Шахцёр" (Салігорск) - 54 (26; 50-20). 3. "Дынама" (Мінск) - 49 (27; 33-18). 4. "Гомель" - 47 (26; 35-19). 5. "Мінск" - 35 (27; 33-40). 6. "Нёман" (Гродна) - 35 (27; 40-31). 7. "Брэст" - 25 (27; 25-37). 8. "Белшына" (Бабруйск) - 26 (27; 22-36). 9. "Нафтан" (Наваполацк) - 26 (28; 21-38). 10. "Славія" (Мазыр) - 25 (27; 22-56). 11. "Тарпеда-БелАЗ" (Жодзіна) - 24 (27; 16-32). У спрэчцы бамбардзіраў лідзіруюць Дзмітрый Асіпенка ("Шахцёр") і Раман Волкаў ("Славія"), якія забілі па 11 мячоў, а на асабістым рахунку Івана Дзянісевіча ("Нёман") на адзін гол менш.-0-

БЕЛТА