29 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Матч Лігі Еўропы пасябраваў беларускі Наваполацк і сербскі горад Крушэвац. Пра падаплёку будучага візіту сербскай дэлегацыі ў горад нафтавікоў карэспандэнту БЕЛТА распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы Наваполацкага гарвыканкама Кацярына Барышнікава.
У першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы УЕФА, што праходзіў 19 ліпеня гэтага года ў Віцебску, наваполацкі футбольны клуб "Нафтан" сустракаўся з сербскай "Црвены Звездай". Сярод балельшчыкаў былі старшыня Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава і прадстаўнікі дзелавых колаў Сербіі. Менавіта тады, па словах Кацярыны Барышнікавай, яны вырашылі, што акрамя спартыўных кантактаў неабходна наладжваць культурныя і эканамічныя сувязі.
У якасці магчымага партнёра Наваполацка выступіў горад Крушэвац - эканамічны, адміністрацыйны, прамысловы, культурны, адукацыйны, інфармацыйны і спартыўны цэнтр Расінскага акругі і аднайменнай абшчыны. Як чакаецца, 1 снежня кіраўнік гэтага горада, яго намеснік і прадстаўнікі дзелавых колаў прыбудуць у Наваполацк, дзе сустрэнуцца з мэрам і абмяркуюць магчымасці і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама наведаюць прамысловыя прадпрыемствы горада.
Крушэвац з'яўляецца прамысловым цэнтрам з развітой металаапрацоўчай і хімічнай індустрыяй. Тут ёсць фабрыка алкагольных і безалкагольных напояў "Рубін", а таксама каля 1,2 тыс. прыватных прадпрыемстваў. Наваполацк падтрымлівае гандлёва-эканамічныя адносіны з усімі краінамі СНД і больш чым з 30 дзяржавамі далёкага замежжа. Доўгатэрміновыя пабрацімскія і партнёрскія адносіны звязваюць Наваполацк з гарадамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Францыі і Кітая.-0-
БЕЛТА
Футбольны матч Лігі Еўропы пасябраваў беларускі Наваполацк і сербскі горад Крушавац
29.11.20120 праглядаў