26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сувязі з тым, што ў бліжэйшыя дні пачнуцца летнія канікулы, па ўсёй Беларусі з 26 мая па 6 чэрвеня пройдзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага - дзеці!". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ва УДАІ МУС Беларусі.

У ДАІ адзначылі, што ўжо зараз многія бацькі пачынаюць адвозіць на лета да сваякоў у вёскі дзяцей, якія ходзяць у дзіцячыя сады. Хутка скончацца заняткі і ў школьнікаў. "Супрацоўнікі міліцыі, педагогі і бацькі аб'яднаюць свае намаганні па забеспячэнні бяспекі дзяцей. Міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць дарослым прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх, адказнасці за парушэнні ПДР, а таксама неабходнасці асабістага прыкладу правільных і бяспечных паводзін на дарозе", - распавялі ў дарожнай міліцыі.

Па статыстыцы 70% ДТЗ з удзелам дзяцей здзяйсняюцца па віне дарослых. За студзень-красавік бягучага года на дарогах рэспублікі ў 108 ДТЗ загінулі 10 дзяцей (8 пешаходаў, 2 пасажыры) і 108 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Сярод дзяцей, якія трапілі ў ДТЗ, было 64 пешаходы (54% агульнай колькасці), 42 пасажыры (36%) і 12 веласіпедыстаў (10%). У ДАІ падкрэслілі, што за гэты перыяд толькі 35 дзяцей атрымалі траўмы па сваёй неасцярожнасці, а больш за 80 пацярпелі і загінулі па віне дарослых кіроўцаў.

Дзяржаўтаінспекцыя ў чарговы раз заклікае кіроўцаў быць максімальна ўважлівымі пры руху паблізу дзіцячых устаноў, праездзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту і ў дварах. А таксама выконваць правілы бяспечнай перавозкі дзяцей.

У дні акцыі "Увага - дзеці!" трэба перамяшчацца ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар. Гэта неабходна для прыцягнення ўвагі маленькіх пешаходаў да транспартнага сродку, які набліжаецца.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)