24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі з 25 жніўня па 10 верасня ў сувязі з пачаткам навучальнага года правядзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага дзеці". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дзяржаўтаінспекцыі. У краіне будуць праведзены шырокамаштабныя акцыі, накіраваныя на прыцягненне ўвагі кіроўцаў да строгага і няўхільнага выканання патрабаванняў ПДД і асцярожнасці руху паблізу дзіцячых устаноў і ў жылых зонах. Таксама для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху будуць праводзіцца розныя конкурсы, віктарыны, кіналекторыі. ГАІ рэкамендуе ўсім кіроўцам у гэтыя дні ехаць з уключаным блізкім святлом фар. Асаблівую трывогу ў Дзяржаўтаінспекцыі выклікае дзіцячы дарожна-транспартны траўматызм, таму што на дарогах Беларусі за сем месяцаў бягучага года ў 312 ДТЗ загінулі 20 дзяцей і 319 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. З 20 загінулых дзяцей толькі двое пацярпелі па ўласным недаглядзе. З агульнай колькасці пацярпелых дзяцей у 95 выпадках дзеці сталі прычынай ДТЗ. Астатнія дзеці сталі ахвярамі аварый у выніку халатнага стаўлення да ПДД з боку дарослых.-0-

БЕЛТА