Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі правядзе 27 лістапада Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам "Жыццё даражэй за шыны!", накіраваны на прафілактыку ДТЗ ва ўмовах зімы. Пра гэта БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага РУУС сталіцы Вікторыя Царук.
Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі правядзе 27 лістапада Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам "Жыццё даражэй за шыны!", накіраваны на прафілактыку ДТЗ ва ўмовах зімы. Пра гэта БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага РУУС сталіцы Вікторыя Царук.
У гэты дзень будуць праведзены шырокія прафілактычныя акцыі і рэйды, падчас якіх інспектары правераць, як кіроўцы падрыхтавалі свае аўтамабілі да эксплуатацыі зімой. Таксама супрацоўнікі выступяць у працоўных калектывах і ўстановах адукацыі.
"Зімовыя шыны дапамагаюць скараціць тармазны шлях і значна паляпшаюць кіраванне аўтамабілем ва ўмовах галалёду. Пры нізкіх тэмпературах летняя гума цвярдзее і перастае выконваць свае функцыі па забеспячэнні добрага счаплення з дарожным пакрыццём, выкарыстанне такіх шын становіцца небяспечным", - сказала Вікторыя Царук. Паводле яе слоў, важна не толькі замяніць летнія шыны на зімовыя, але і цалкам падрыхтаваць аўтамабіль да зімы. Неабходна праверыць агульны стан сістэмы ацяплення салона, у абавязковым парадку пераканацца ў спраўнасці знешніх асвятляльных прыбораў і адрэгуляваць іх. Неабходна заправіць спецыяльнай незамярзаючай вадкасцю амывальнік, рэкамендуецца праверыць акумулятар да наступлення моцных маразоў.
У складаных умовах надвор'я самае галоўнае - павышаная ўвага і максімальная асцярожнасць на дарозе. Кіроўцам варта выбіраць бяспечны хуткасны рэжым, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі на дарозе, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал, пазбягаць рэзкіх паскарэнняў і тармажэнняў, лішніх манеўраў. У зімовы перыяд значна ўзрастае колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў, што абумоўлена складанымі ўмовамі надвор'я і малой працягласцю светлавога дня. "Таму не варта забываць, што самым дзейсным спосабам для пешаходаў забяспечыць бяспеку на дарозе ў цёмны час сутак - гэта абазначыць сябе святлоадбіўнымі элементамі з усіх бакоў", - сказала Вікторыя Царук.