Дзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці з 11 па 15 студзеня ўзмацніла кантроль за сітуацыяй на дарогах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Дзядзічкін.

Інспектары будуць пільна правяраць паводзіны на дарогах пешаходаў (захаванне правілаў пераходу праезнай часткі, выкарыстанне ў цёмны час сутак святлоадбівальных элементаў). Дадатковую ўвагу ДАІ ўдзеліць і таму, як кіроўцы праязджаюць пешаходныя пераходы.

Да кантролю плануецца падключыць і інтэрнэт-супольнасць - кіроўцы і пешаходы змогуць паведамляць аб праблемах у працы святлафораў на пешаходных пераходах у сацыяльных сетках. Мяркуецца, што такі маніторынг дазволіць больш аператыўна ўстараняць непаладкі.

Праваахоўнікі просяць грамадзян, якія заўважылі на праезнай частцы або ў непасрэднай блізкасці да яе нецвярозых пешаходаў (гэта патэнцыйная ахвяра ДТЗ), неадкладна паведамляць аб гэтым па тэлефоне 102.

Дадатковыя меры кантролю прыняты ў сувязі з ускладненай сітуацыяй на дарогах. З пачатку года ў вобласці зарэгістравана 10 ДТЗ з пацярпелымі, у аварыях загінула 6 пешаходаў.

Супрацоўнікі ДАІ правядуць прафілактычныя гутаркі, тэматычныя выступленні ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі. Размова пойдзе аб прычынах здарэнняў з удзелам пешаходаў, асноўных пагрозах і рызыках бяспекі з улікам сезонных фактараў, а таксама правілах выкарыстання святлоадбівальных элементаў.

Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да бацькоў і нагадвае, што менавіта яны нясуць адказнасць за сваіх дзяцей, а таксама заклікае прыкласці намаганні, каб убяспечыць самых юных і неабароненых удзельнікаў дарожнага руху. Многія вытворцы дзіцячага адзення клапоцяцца не толькі аб прыгажосці і зручнасці сваёй прадукцыі, але і бяспецы юнага пешахода, выкарыстоўваючы святлоадбівальныя элементы. Пры выбары адзення аддавайце перавагу менавіта такім мадэлям або набыйце іншыя формы святлоадбівальных элементаў, якія могуць быць размешчаны на сумках, куртцы або іншых прадметах.