7 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Галерэя настаўніка Марка Шагала - Юдэля Пэна будзе адноўлена ў Віцебску. Пра гэта сёння на адкрыцці выставы адной карціны - "Партрэт Марка Шагала" пэндзля Юдэля Пэна з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, прымеркаванай да 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала, - паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Пад будучую галерэю ўлады маюць намер перадаць будынак былой яўрэйскай школы - помнік архітэктуры на вуліцы Калініна. Акрамя таго, яшчэ адзін будынак па суседстве, які таксама з'яўляецца архітэктурна-гістарычнай каштоўнасцю, будзе перададзены музею Марка Шагала для размяшчэння ў ім арт-цэнтра. У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што ў фондах Мастацкага музея - філіяла Віцебскага абласнога краязнаўчага музея знаходзяцца 183 жывапісныя і графічныя працы мастака. На працягу апошніх 20 гадоў праведзены работы па іх рэстаўрацыі, што дазволіла ў поўнай меры ацаніць майстэрства Юдэля Пэна не толькі як педагога, але і як самабытнага майстра пэндзля. Аднак шырокая публіка можа бачыць у пастаяннай экспазіцыі толькі чатыры дзясяткі палотнаў, бо выставачная плошча не дазваляе размясціць усё зборы. У сувязі з гэтым старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Касінцам было дадзена даручэнне аб стварэнні галерэі. Месца яе размяшчэння выбрана невыпадкова. Поблізу знаходзіцца будынак, дзе размяшчалася створанае Маркам Шагалам і Казімірам Малевічам Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Адну з майстэрняў у ім узначальваў Юдэль Пэн. Неўзабаве ў будынку пачнецца рэстаўрацыя, а затым тут будзе створаны музей знакамітай навучальнай установы. У гэты ж квартал пераедзе арт-цэнтр Марка Шагала, і такім чынам горад атрымае цэлы музейны комплекс, прысвечаны заснавальнікам сучаснага авангарда. Юдэль Пэн нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Літвы ў 1854 годзе. Скончыў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. З 1891 года жыў у Віцебску, дзе стварыў школу-майстэрню. Любімым жанрам мастака быў кампазіцыйны партрэт. У 1939-1941 гадах у Віцебску існавала карцінная галерэя Пэна, у якой было каля 800 прац. У гады акупацыі некаторыя працы былі страчаны, некаторыя ўдалося вывезці ў эвакуацыю. Пасля вайны частка прац вярнулася ў Віцебск, а частка ўвайшла ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.-0-

БЕЛТА