17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гарантыйны тэрмін на прынятыя ў эксплуатацыю аб'екты і выкананыя будаўнічыя работы павялічаны да васьмі гадоў. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №623 ад 12 ліпеня 2013 года, якая апублікавана на Нацыянальным прававым партале, паведамляе БЕЛТА.

Для паляпшэння якасці аб'ектаў будаўніцтва і ўзмацнення адказнасці падрадчыкаў у будаўнічай дзейнасці дакументам прынята рашэнне ўнесці ў Правілы заключэння і выканання дагавораў будаўнічага падраду шэраг змен і дапаўненняў. У прыватнасці, гарантыйны тэрмін на прынятыя ў эксплуатацыю аб'екты і выкананыя будаўнічыя работы павялічаны з пяці да васьмі гадоў. Выключэннем з'яўляюцца тэхналагічнае, інжынернае, сантэхнічнае, электратэхнічнае і іншае абсталяванне, матэрыялы і вырабы, выкарыстаныя для будаўніцтва аб'ектаў (выканання будаўнічых работ), гарантыйны тэрмін на якія ўстанаўліваецца заканадаўствам, у тым ліку тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, або вытворцам. На работы па бягучым рамонце і пусканаладачныя работы гарантыйны тэрмін, згодна з дакументам, складзе не менш за два гады.

У пастанове таксама гаворыцца, што гарантыйны тэрмін на камплектуючыя вырабы і састаўныя часткі асноўнага вырабу, выкарыстаныя для будаўніцтва аб'ектаў або выканання будаўнічых работ, лічыцца роўным гарантыйнаму тэрміну на асноўны выраб, калі іншае не прадугледжана ў тэхнічных нарматыўных прававых актах на асноўны выраб.

Дакументам таксама ўдакладнена адказнасць падрадчыка за невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельстваў, прадугледжаных дагаворам, і выплаты няўстойкі заказчыку. Так, за несвоечасовае ліквідаванне дэфектаў, пазначаных у актах заказчыка, у тым ліку выяўленых у перыяд гарантыйнага тэрміну, падрадчык абавязаны выплаціць 2% кошту работ па ліквідаванні дэфектаў за кожны дзень пратэрміноўкі пачынаючы з дня заканчэння ўказанага ў акце тэрміну. Раней памер гэтых выплат складаў 1%.

Сапраўдная пастанова ўступае ў сілу праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на дагаворы, што заключаюцца пасля яе ўступлення ў сілу.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)