“Лепельскі край” штогод атрымлівае ўзнагароды, у прыватнасці, Міністэрства абароны і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

“Лепельскі край” штогод атрымлівае ўзнагароды, у прыватнасці, Міністэрства абароны і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Так было і сёлета акурат напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл нашай краіны. Абодва галіновыя міністэрствы зладзілі ўрачысты прыём пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва. Асаблівую ўрачыстасць імпрэзе надавала тое, што конкурс праводзіўся ў дзясяты раз. Маленькі юбілей. Дарэчы, наша раённая газета на працягу ўсяго гэтага часу станавілася дыпламантам ці намінантам творчага спаборніцтва ў рэспубліцы.

У конкурсе прынялі ўдзел карэспандэнты і творчыя калектывы інфармацыйных агенцтваў, рэдакцыі перыядычных друкаваных выданняў, электронных сродкаў масавай інфармацыі. Усяго было пададзена 112 заявак. А колькасць прызавых месцаў у разы меншая. Адбор дыпламантаў быў надзвычай скрупулёзны і прафесійны. Для пацвярджэння думкі нагадаю склад журы: памочнік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь — начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы генерал-маёр Аляксандр Гура (старшыня), начальнік упраўлення друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Людміла Лазавік, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Міхаіл Лябедзік, галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Агенцтва тэлевізійных навін Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Іван Эйсмант, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў і кансультант Упраўлення друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Фёдар Рамашка.