Аб'екты аграпрамысловага комплексу заўсёды прыцягвалі ўвагу злачынцаў сваімі слабымі бастыёнамі. На вокнах ферм замест кратаў – поліэтылен, на старых дзвярах ненадзейны засаў, а ў падсобцы – спячы вартаўнік. Чым не ідэальныя ўмовы для здзяйснення ідэальнага злачынства? Вось і атрымліваецца, што супрацоўнікам міліцыі без працы ніяк не застацца. Практычна штодня супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзяць рэйды для папярэджання крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцей з ферм, мехдвароў і іншых сельскагаспадарчых аб'ектаў. Толькі з пачатку ўборачнай кампаніі сёлета супрацоўнікамі міліцыі было ажыццёўлена амаль 300 праверак нясення службы вартавой аховы. Як вынік – не менш за сотню розных парушэнняў. А бо супрацоўнікі праваахоўных органаў неаднаразова заклікалі кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый выбарачна падыходзіць да кандыдатур на пасаду вартаўніка.

І гэта толькі вяршыня айсберга. Часам, банальная халатнасць прыводзіць да сур'ёзных парушэнняў закона. Так, карыстаючыся сваім службовым становішчам і бясконтрольнасцю, трактарыст-машыніст аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна шляхам нехітрай схемы «прыватызаваў» 180 літраў дызельнага паліва. Сума ўрону пры гэтым для прадпрыемства склала больш за 250 рублёў. Цяпер у дачыненні да прадпрымальнага мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 211 КК.