З рабочым візітам Верхнядзвінскі раён наведаў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Генадзь Сабыніч.
З ходам будаўніцтва жывёлагадоўчых аб'ектаў, якія павінны быць уведзены ў строй у 2024 годзе, яго азнаёмілі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Валькоў і намеснік старшыні па будаўніцтве Дзмітрый Рэут.
Да канца года ў ААТ «Шайцерава» чакаюць знакавай падзеі – уводу ў эксплуатацыю малочна-таварнага комплексу на 400 галоў. У памяшканні, якія ўзводзяць з апярэджаннем графіка, пераедзе палова дайной чэргі. Цяпер вядуцца работы па мантажы даільнага абсталявання DeLaval і стварэнні інфраструктуры.
Увод сучаснай вытворчасці дазваляе разлічваць на надоі звыш 9 тысяч кілаграмаў ад каровы ў год.
Як адзначыў Генадзь Сабыніч, калектыў на чале з кіраўніком Міхаілам Гумненковым не наракае на праблемы, а шукае шляхі іх вырашэння і паспяхова ідзе да намечанай мэты.
Генадзь Сабыніч таксама праінспектаваў будаўніцтва малочна-таварнага комплексу ў аг. Коханавічы Верхнядзвінскага раёна.
Пасля шматгадовай кансервацыі работы тут адноўлены і вядуцца паскоранымі тэмпамі. Аб'ект перададзены на баланс Верхнядзвінскага масласырзавода, які ажыццяўляе будаўніцтва за кошт крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў.
На комплексе будзе створаны замкнёны цыкл вытворчасці – ад цяляці да малочнай каровы. У прасторных светлых памяшканнях плануецца ўтрымліваць звыш 800 галоў дайной чэргі і атрымліваць не менш за 19-20 тон малака ў дзень – менавіта такі аб'ём прадукцыі дазволіць масласырзаводу забяспечваць сябе недастатковай мясцовай сыравінай.
Будаўніцтва комплексу з прымяненнем сучасных тэхналогій і абсталяваннем ад лепшых вытворцаў, аналагаў якому няма на Віцебшчыне, Генадзь Сабыніч назваў узорам для пераймання не толькі ў рэгіёне, але і ў рэспубліцы.