23 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Генеральная пракуратура Беларусі падрыхтавала прапановы па стымуляванні добрасумленных абавязаных асоб, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук. Па яго словах, стымулюючыя меры датычацца абавязаных асоб, якія не парушаюць вытворчую дысцыпліну, добрасумленна выконваюць працоўныя абавязкі, адказна паводзяць сябе ў непрацоўны час і не маюць бягучай запазычанасці па пагашэнні сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай дзяржавы. У прыватнасці, прапануецца прадугледзець для такіх грамадзян магчымасць павелічэння працоўнага адпачынку (у цяперашні час ён складае сем дзён), а таксама спісанне часткі існуючай запазычанасці. "У той жа час для абавязаных асоб, якія дапускаюць прагулы, Генпракуратура прапануе заканадаўча ў якасці прэвентыўнай меры ўвесці адміністрацыйную адказнасць з прыцягненнем да арышту", - сказаў Аляксей Стук, растлумачыўшы, што ў цяперашні час прадугледжаны меры крымінальнай адказнасці толькі для абавязаных асоб, якія дапусцілі дзесяць дзён прагулаў і больш. Гэтыя і шэраг іншых прапаноў па ўдасканаленні рэалізацыі дэкрэта №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем'ях" 29 лістапада будуць разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных па выніках нарады па пытаннях удасканалення дзейнасці органаў пракуратуры. Узначальвае рабочую групу віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Тозік. Аляксей Стук правёў сёння асабісты прыём грамадзян у Віцебскім вагонным дэпо Беларускай чыгункі. "У большасці выпадкаў даводзіцца сутыкацца з сацыяльнымі праблемамі. На дадзеным жа прадпрыемстве ўзнятыя супрацоўнікамі пытанні датычыліся не скаргаў або зваротаў, а рабочых момантаў, звязаных з прававымі аспектамі дзейнасці і прапановамі", - пракаментаваў вынікі прыёму намеснік генеральнага пракурора.-0-

БЕЛТА