Цэнтр культуры "Віцебск" падрыхтаваў для дзяцей навагодні мюзікл "Звычайны Новы год?" з героямі беларускай гісторыі і персанажамі вядомых амерыканскіх коміксаў. Пра гэта паведаміла журналістам галоўны рэжысёр ЦК "Віцебск" Ірына Коўлена, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падчас навагодніх святаў у канцэртнай зале "Віцебск" можна будзе ўбачыць інтэрактыўны мюзікл-фантасмагорыю. У пастаноўцы пераплятуцца сучасная музыка, персанажы з беларускай гісторыі і героі Marvel. Арганізатары ўсе падрабязнасці не раскрываюць, але абяцаюць займальную гісторыю з непрадказальнымі паваротамі і адукацыйным складнікам дзеі.
"Сёлета ўпершыню шчыльна закранем беларускую тэму - прыгожую нацыянальную музыку, архітэктуру, у мюзікле прагучыць беларуская мудрасць. Там няма дакументальнай гісторыі, але будуць рэальныя персанажы беларускай гісторыі, якіх мы зрабілі казачнымі. Акрамя гэтага, у мюзікле задзейнічаны модныя і сучасныя героі Marvel, у тым ліку Джокер. Аказваецца, усё гэта можна сумясціць з беларускай тэматыкай", - адзначыла Ірына Коўлена.
Акрамя таго, у святочныя дні дзяцей чакае казка-гульня "Карабас-Барабас супраць Новага года". Яе падрыхтавалі Цэнтр культуры "Віцебск" і моладзевы тэатр "Кола".
Плануецца, што больш за 20 тыс. школьнікаў горада наведаюць казачныя прадстаўленні на пляцоўках ЦК "Віцебск". Таксама падчас рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" мерапрыемствы наведаюць выхаванцы дзіцячых дамоў і дзеці з малазабяспечаных сем'яў.-0-