5 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Спартсменкі з чатырох краін выступяць на адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтвах па спартыўнай гімнастыцы памяці алімпійскай чэмпіёнкі Тамары Лазаковіч у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Турнір, арганізаваны ў 16-ы раз, адбудзецца 7-10 снежня. За перамогу ў ім пазмагаюцца каля 30 майстроў спорту з Беларусі, Расіі, Украіны і Латвіі, у тым ліку члены нацыянальных зборных каманд. Выступленні спартсменак будуць ацэньвацца па выніках мнагабор'я і яго асобных відах - практыкаваннях на бервяне, брусах, апорным скачку і вольнай праграме на дыване. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 10 снежня. Ім будуць уручаны прызы, дыпломы і медалі. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне па фізічнай культуры, спорце і турызме Віцебскага аблвыканкама, аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама, прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці, ДЮСШ па спартыўнай гімнастыцы. Тамара Лазаковіч нарадзілася ў 1954 годзе ў Віцебску. З'яўляецца шматразовай чэмпіёнкай СССР, пераможцай Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў Еўропы і свету. За спартыўныя дасягненні ўзнагароджана ордэнам "Знак Пашаны". -0-

БЕЛТА