Абстаноўка ў Беларусі, вакол яе і ў свеце ў цэлым, нарошчванне палітычнай і ваеннай напружанасці – пытанні, якія сёння хвалююць кожнага без выключэння і ў сталіцы, і ў малых раённых цэнтрах, таксама былі ўзняты на сустрэчы. Згадаўшы пра праект Канцэпцыі нацбяспекі, які будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне ў бліжэйшы час, Ігар Сяргейка абазначыў: 

– Рэальная небяспека з боку заходняй групоўкі войскаў, якія дыслакуюцца ў большай меры ў Польшчы, а акрамя таго і ў Прыбалтыцы, сёння відавочная. Так жа, як бачныя і зразумелыя ваенныя прыгатаванні, нарошчванне ваеннай моцы і правакацыйныя выпады ў наш бок. Толькі за мінулы год у Еўропе праведзена больш за 300 вучэнняў наступальнага характару. Пры гэтым у якасці праціўніка на картах малююцца Расія і Беларусь. Адпаведна, мы рэагуем адэкватна. Праводзім аперацыі па паляпшэнні баявой падрыхтоўкі нашых войскаў, у тым ліку сумесныя вучэнні ў рамках Саюзнай дзяржавы. Як будзе разгортвацца сітуацыя, прадказаць складана. Наша задача – прайсці гэтую мяжу і не дапусціць эскалацыі і ўзнікнення чарговага ачага і, не дай бог, гарачага канфлікту. 

Разам з тым, вылучыў Ігар Сяргейка, жадаючы захаваць галоўнае – мір, мы гатовыя даць жорсткі адпор, усё для гэтага робіцца і маецца.

Закранулі тэму збеглых, спробы дэстабілізаваць Беларусь знутры, якія, няма сумневаў, будуць яшчэ працягвацца і на якія адкажа адпаведная заканамерная рэакцыя. Абмеркавалі эканамічнае становішча Беларусі, якой ва ўмовах небывалага санкцыйнага ціску ўдалося пераарыентаваць рынкі збыту, наладзіць новыя дзелавыя кантакты. Гандлёва-эканамічныя сувязі з Расійскай Федэрацыяй сталі толькі мацнейшымі. Ужо выканана каля 80 працэнтаў саюзных эканамічных праграм. 

Сацыяльная сфера застаецца ў прыярытэце, вылучыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта:

– У Шаркаўшчыне, якая ў 2023-м сустрэне абласныя «Дажынкі», таксама будзе зроблена нямала. Так, рэгіён не можа пахваліцца высокай бальнасцю зямлі, развітой прамысловасцю, але ў яго ёсць галоўнае багацце – гэта працавітыя, таленавітыя людзі.

Той самы залаты рэзерв, які не павінен застацца незаўважаным. Аб тым, што інтарэсы і праблемы людзей чуюць, сказала падчас сустрэчы з актывам Германовіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч. Яна падзякавала мясцовую ўладу і асабіста Ігара Сяргеенку за цалкам пераўтвораны двухкіламетровы ўчастак дарогі Германовічы – Проняны, рамонту якога мясцовыя жыхары даўно чакалі.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by