Гісторыя прадпрыемства пачалася ў далёкім 1931-м, тады ў канцы кастрычніка – пачатку лістапада недалёка ад Віцебска, у пасёлку Руба была запушчана першая шахтная печ. Гэтая падзея і стала афіцыйным днём нараджэння прадпрыемства. Але святкаванне юбілею вырашылі перанесці на больш позні перыяд – канец года, калі палепшыцца эпідэміялагічная сітуацыя і можна будзе сабрацца ўсім калектывам, падвесці вынікі, абмеркаваць планы на будучыню.
– Мы заканчваем 2021-ы з нядрэннымі вынікамі. У мінулым годзе рост экспарту ў параўнанні з 2019-м склаў 150 працэнтаў, у гэтым, думаю, выйдзем яшчэ на 140%. Прадукцыя ААТ «Даломіт» запатрабавана ў розных сферах: у сельскай гаспадарцы, дарожным будаўніцтве, металургіі і іншых. На сённяшні дзень прапрацоўваецца пытанне мадэрнізацыі вытворчасці, бо некаторае абсталяванне ўжо маральна і фізічна састарэла, – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Даломіт» Іван Бабак.
Мадэрнізацыя на прадпрыемстве ідзе пастаянна. Абнаўляюць горную, аўтамабільную тэхніку, тэхналагічныя лініі, распрацоўваюць новыя віды прадукцыі. Нядаўна зрабілі для дарожнікаў мінеральны парашок, які адпавядае не толькі беларускім стандартам, але і еўрапейскім.
– Наш «Даломіт» у свой час меў усесаюзнае значэнне. Пасля развалу СССР рынак пастаўкі ўгнаенняў сціснуўся, што адбілася на працы завода. Але ў цэлым ён выстаяў і нарошчвае абароты. У вобласці і ўрадзе ўскладаюць надзеі на патэнцыял прадпрыемства. Ёсць планы пашырыць лінейку прадукцыі, якую можна атрымаць з даломіту. І, вядома, удзяляць асаблівую ўвагу вытворчасці ўгнаенняў, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Для кіраўніка вобласці Руба – яго малая радзіма, таму ён не мог не прыняць запрашэнне падзяліць свята горадаўтваральнага прадпрыемства, на якім працавалі яго бацькі.
– Бацька пасля школы, маці па размеркаванні прыйшлі на «Даломіт». Усё жыццё аддалі гэтаму прадпрыемству. Як і кожны чалавек, я з асаблівым пачуццём стаўлюся да сваёй малой радзімы і, вядома, буду ўдзяляць ёй павышаную ўвагу. Радзіма ёсць радзіма! – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.
На ўрачыстым вечары, які праходзіў у Палацы культуры «Руба», кіраўнік вобласці зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі.
Віншуючы работнікаў прадпрыемства з 90-годдзем, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што цяперашні калектыў, захоўваючы лепшыя традыцыі, працягне ўкараняць самыя перадавыя тэхналогіі, удасканальваць вытворчыя працэсы, пашыраць і падтрымліваць сацыяльную інфраструктуру роднага пасёлка.
Сёння на ААТ «Даламіт» працуе каля 800 чалавек, больш за 40 з іх адданы прадпрыемству звыш 40 гадоў. Самыя годныя былі адзначаны граматамі Савета міністраў, аблвыканкама, іншымі ўзнагародамі.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адбыўся святочны канцэрт.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by