– Знаёмства з працоўнымі калектывамі Віцебшчыны дазваляе лепш даведацца, што яны могуць, што робяць, дзе ім патрэбна дапамога для далейшага развіцця, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін. – «Паставымебель» – прадпрыемства цікавае, займае важны сегмент у краіне, працуе стабільна – без рыўкоў і правалоў.
Старшыня Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін наведаў ААТ «Паставымебель»
Рэзервы, якія ёсць у прадпрыемства, не вычарпаны. Гэта пацвярджаюць расце аб'ёмы выпуску і рэалізацыі прадукцыі. За сем месяцаў, як далажыў кіраўніку вобласці дырэктар ААТ «Паставымебель» Сяргей Лацецкі, калектыў выпусціў мэблі на 6,5 млн руб., павялічыў вытворчасць да аналагічнага перыяду мінулага года на 151%. Выручка ад яе рэалізацыі дасягнула амаль 9 млн руб., грошай зароблены на 56% больш, чым у 2021 годзе. Рэнтабельнасць продажаў склала 7,1%.
Адным словам, ААТ «Паставымебель» пашырае асартымент прадукцыі, актыўна яе прасоўвае. У выніку мае магчымасць пастаянна нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, асвойваць новыя рынкі збыту. Ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў, напрыклад, за 7 месяцаў у параўнанні з мінулым годам павялічыла адгрузку на экспарт больш чым у два разы, рэалізаваўшы прадукцыі за межамі краіны больш чым на 400 тысяч долараў. Страціўшы заказчыкаў у краінах Еўрасаюза, звярнула свой позірк на ўсход. У тры разы павялічыла экспарт у Расію – з 42 тысяч у 2021-м да 111 тыс. долараў у бягучым. З ахвотай купляюць мэблю пастаўчане ўстановы і жыхары Маскоўскай, Калужскай, Ніжагародскай і Ліпецкай абласцей, Башкартастана і Чачэнскай Рэспублікі.
Магчымасцю закупляць больш беларускай мэблі скарысталіся ўстановы адукацыі Казахстана. Дзелавыя сувязі з імі пастаўскія мэбельшчыкі завязалі яшчэ ў мінулыя гады, а сёлета да пачатку навучальнага года пастаўчане абставілі дзве школы. На рынак гэтай краіны паставілі мэблі на 258 тыс. долараў. Казахстан прыняў 63% прадукцыі ад агульнага аб'ёму экспарту.
Велізарны патэнцыял у пастаўчан унутры сваёй краіны. У сярэднім у год яны мэблююць 5 – 6 беларускіх школ. У мінулым з сямі ўводзімых у эксплуатацыю пяць абстаўлялі яны. У тым ліку і ў Бабруйску. Яе прымаў Прэзідэнт краіны і высока ацаніў працу ўсіх, хто ўзводзіў і ўладкоўваў навучальную ўстанову. У 2022-м мэбляй з Пастаў абстаўлены дзве школы і дзіцячы сад у Мінску, школа ў Століне, выкананы дзясяткі заказаў іншых навучальных устаноў. Найбуйнейшымі заказчыкамі мэблі з'яўляюцца Нацыянальны інстытут адукацыі і БЕЛАЗ. Для першага пастаўчане абставілі за апошнія гады каля тысячы кабінетаў біялогіі, фізікі і хіміі, для аўтазавода вырабілі офісную мэблю. Заказ пацягнуў на 900 тыс. руб.
Як адзначыў Сяргей Лацецкі, прадпрыемства працуе з усімі даступнымі на рынку матэрыяламі: ДСП, МДФ, крашаным і ламінаваным пластыкам. Выкарыстоўвае фурнітуру ад вядучых вытворцаў краіны. Вырабы разлічаны на сярэдні і эканом-сегменты. Але абсталяванне дазваляе выпускаць мэблю любога ўзроўню, нават прэміум-класа.
З дапамогай камп'ютара ДСП раскройваюць, як тканіну, станок сам выдае крой з дакладнасцю да міліметра. У цэху металаапрацоўкі, дзе вырабляюць каркасы, выкарыстоўваецца імпартны зварачны робат. З дапамогай аблвыканкама набыта аўтаматычная сушыльная камера, кромкаабліцовачны станок, для рэзкі металу – стужкапільны. Гатовыя дакументы на правядзенне працэдуры закупак афарбоўвальна-сушыльнай камеры. За 7 месяцаў у асноўны капітал накіравана інвестыцый амаль на 500 тыс. руб., у тым ліку з пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду аблвыканкама больш за 235 тысяч.
Тое, што зроблена, – этап пройдзены, лічыць кіраўнік прадпрыемства. Трэба думаць пра заўтрашні дзень, перспектывы развіцця. Пакупнік заўсёды чакае навінак. Уладальнікі дамоў і дач жадаюць бачыць практычныя, але стыльныя рэчы. У дзіцячым садку і школе дзеці цешацца яскравай, прыгожай і зручнай мэбляй. Парту Эрысмана высока ацаніў і Аляксандр Субоцін. І ў мэблевай вытворчасці, падкрэсліў кіраўнік вобласці, важна апярэджваць час, прадбачыць тэндэнцыі ў змене моды на формы, матэрыялы, фурнітуру.
Больш за 40 гадоў ААТ «Паставымебель» з'яўляецца лідарам у краіне па вытворчасці мэблі для навучальных устаноў, паспяхова асвойвае выпуск вырабаў для дома і дачы, прапануе пакупнікам каля 400 найменняў прадукцыі.
На вытворчых цэхах ААТ «Паставымебель» стаіць роўны гул абсталявання. Пліты матэрыялу, якія неўзабаве стануць гатовымі вырабамі, плаўна перамяшчаюцца са стоек на панэль спецыяльнай машыны, якая кроіць дрэва, як тканіну, і перадае на наступную аперацыю. У нарыхтоўцы праразаюцца ўсе тэхналагічныя адтуліны, апрацоўваецца кантавая паверхня. Завяршаецца ланцужок канвеера зборкай дэталей і пакаваннем гатовага вырабу. Да адгрузкі рыхтуецца чарговая партыя мэблі для Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку…
Крыніца: vitebsk-region.gov.by