Рады работнікаў устаноў адукацыі вобласці на пачатку новага навучальнага года папоўняць каля 540 маладых спецыялістаў, паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
Найбольш навічкоў-педагогаў прыйдзе ў школьныя аўдыторыі абласнога цэнтра, а таксама Оршы, Полацка і Наваполацка. У асноўным яны стануць настаўнікамі пачатковых класаў і выхавальнікамі дашкольнай адукацыі. Усяго да навучання дзяцей прыступяць каля 540 маладых спецыялістаў. І амаль 300 з іх - выпускнікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Каб пачаткоўцы педагогі заставаліся на першым месцы працы, па магчымасці ім прадастаўляюць жыллё, ствараюць камфортныя ўмовы. За апошнія два гады маладым спецыялістам выдзелены 21 дом, 19 кватэр, прадастаўлена 199 месцаў у інтэрнатах. Жыллём у найме карыстаюцца 124 чалавекі, 82 з іх, у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі, атрымліваюць грашовую кампенсацыю затрат у памеры ад 30 да 50%. Некаторым з іх прадастаўляюць арэнднае жыллё.

"Райгарвыканкамы, аддзелы і ўпраўленні па адукацыі, сельскія выканкамы працягваюць працу па недапушчэнні адтоку педагагічных кадраў, замацаванні маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы. Вялікая ўвага надаецца павышэнню сацыяльнага статусу настаўніка і прэстыжу педагагічнай прафесіі, - адзначылі ва ўпраўленні. - У межах фінансавых магчымасцей тым, хто мае патрэбу, аказваем садзейнічанне ў прадастаўленні жылых памяшканняў, набыцці мэблі і бытавой тэхнікі першай неабходнасці".

Ва ўпраўленні дадалі, што клапоцяцца і пра прафесійны рост таленавітых спецыялістаў. Тых, хто паказвае добрыя вынікі ў практычнай дзейнасці, валодае дзелавымі якасцямі і патэнцыялам, залічваюць у рэзерв кадраў на замяшчэнне кіруючых пасад.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by