У Рэспубліцы Беларусь, як і ва ўсім свеце, 15 сакавіка праходзіць Дзень спажыўца. Сусветны маштаб свята сведчыць аб значнасці механізму абароны правоў спажыўцоў у сістэме сацыяльнай і эканамічнай палітыкі любой сучаснай дзяржавы.

У Рэспубліцы Беларусь каардынацыю дзейнасці ў галіне абароны правоў спажыўцоў ажыццяўляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Іншыя дзяржаўныя органы разглядаюць у межах сваёй кампетэнцыі пытанні, звязаныя з абаронай правоў спажыўцоў у розных сферах дзейнасці.

У рэгіёнах дзяржаўная палітыка ў галіне абароны правоў спажыўцоў рэалізуецца абласнымі, гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі.

За мінулы год структурнымі падраздзяленнямі Віцебскага аблвыканкама, гаррайвыканкамамі разгледжана 511 зваротаў грамадзян па пытаннях абароны правоў спажыўцоў, з іх 211 (41%) – у сферы гандлю і грамадскага харчавання, 163 (32%) – жыллёва-камунальных паслуг, 78 (15%) – бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Па выніках разгляду вынесена 15 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, якія выкананы ва ўстаноўленыя тэрміны, складзена 10 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. У дасудовым парадку пакрыта матэрыяльнай шкоды на суму 7,9 тыс. рублёў.

У 2022 годзе дэвіз Дня спажыўца – ”Справядлівыя лічбавыя фінансавыя паслугі“.

Спажыўцы фінансавых паслуг (банкаўскіх, страхавых, інвестыцыйных і інш.) маюць такія ж правы і абавязкі, як і ў выпадку з любымі іншымі паслугамі.

Пытанні абароны правоў спажыўцоў, якія ўзнікаюць пры аказанні паслуг банкамі, лізінгавымі, інвестыцыйнымі кампаніямі, разглядаюцца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, у выпадку страхавых паслуг – Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь.

У кампетэнцыю гэтых дзяржаўных органаў уваходзіць, перш за ўсё, кантроль за выкананнем фінансавымі арганізацыямі абавязковых умоў дагавораў, спыненне навязвання паслуг, утойвання істотнай інфармацыі, наўмыснага ўвядзення ў зман і іншых нядобрасумленных практык.