10 лістапада, Глыбоцкі раён /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Глыбокае стане сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2012 годзе. Пра гэта паведаміў сёння на рабочай нарадзе ў Глыбоцкім раёне старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах губернатара, рашэнне аб правядзенні Дня беларускага пісьменства ўжо прынята, таму работы па падрыхтоўцы горада і раёна неабходна пачынаць ужо цяпер. Старшыня аблвыканкама даручыў распрацаваць дэталёвыя планы добраўпарадкавання і рэканструкцыі аб'ектаў адукацыі, культуры, аховы здароўя, ЖКГ. "Пры гэтым не варта абмяжоўвацца толькі райцэнтрам - работы павінны весціся па ўсім раёне. Не трэба наводзіць парадак для паказухі. Усё, што мы зробім, застанецца людзям", - падкрэсліў ён. "Дзень беларускага пісьменства - свята, якое выйшла на міжнародны ўзровень. Гэта магчымасць паказаць раён і вобласць шматлікім замежным гасцям", - дадаў Аляксандр Косінец. На нарадзе былі вызначаны першачарговыя задачы, якія трэба вырашыць Глыбоцкаму райвыканкаму і камітэтам і ўпраўленням аблвыканкама.-0-

БЕЛТА