22 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" у першым квартале інвеставала ў асноўны капітал больш за Br27 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. У бягучым годзе запланавана рэалізаваць некалькі буйных інвестпраектаў. У прыватнасці, камбінат мае намер набыць лінію па вытворчасці стэрылізаванага малака ў пакеты "Тетра -Брык Асептык" аб'ёмам 0,5-1 л прадукцыйнасцю 7 тыс. упаковак у гадзіну, рэканструяваць бляшаначны цэх і стварыць вытворчасць па выпуску новых відаў бляшанкі, а таксама набыць аўтамат Polpak для фасоўкі і ўпакоўкі ў пакеты тыпу doy-pack вязкіх вадкасцей з прыладай для ўклейвання коркі ў вугле пакета. Агульны кошт гэтых работ па тэхпераўзбраенні ацэньваецца амаль у Br80 млрд. Яшчэ адзін інвестыцыйны праект дазволіць прадпрыемству выпрацоўваць уласную электраэнергію і амаль напалову забяспечыць патрэбы вытворчасці, тым самым зэканоміўшы немалыя грашовыя сродкі. Для гэтага камбінат мае намер набыць і ўсталяваць кагенерацыйную ўстаноўку коштам Вr7,8 млрд. Для пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат запланаваў у бягучым годзе накіраваць каля Br160 млрд. у рэканструкцыю свайго філіяла ў Браславе. Сюды будзе набыта абсталяванне для вытворчасці цвёрдых сыроў, мяккага сметанковага сыру і тварожных крэмаў.