2 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" павялічыла ў 2011 годзе пастаўкі ў Ізраіль у тры разы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Першую пастаўку малочнай прадукцыі ў аб'ёме 24,5 т глыбоцкае прадпрыемства ажыццявіла ў Ізраіль у 2010 годзе. У бягучым годзе дзелавое супрацоўніцтва ўдалося значна пашырыць. Так, у далёкую краіну ўжо адгружана аналагічная партыя згушчонага малака ў банцы і цюбіку на суму $38,2 тыс., яшчэ дзве такія ж партыі трэба адправіць да канца года.
"Рынак Ізраіля - перспектыўны, але невялікі. Таму павелічэнне сюды паставак з'яўляецца пэўным поспехам для камбіната", - адзначылі спецыялісты, падкрэсліўшы, што для ўмацавання прысутнасці на гэтым рынку робяцца пэўныя крокі. Так, гэтым летам прадпрыемства атрымала кашэрны сертыфікат на вытворчасць згушчонага малака. Прэстыжны дакумент пацвярджае высокую якасць і натуральнасць глыбоцкай прадукцыі, а таксама высокую культуру вытворчасці на прадпрыемстве. Яго атрыманне дае магчымасць камбінату значна павялічыць пастаўкі прадукцыі ў Ізраіль. Першыя пастаўкі кашэрнай згушчонкі плануецца на 2012-ы год. З гэтай мэтай ужо вядуцца перамовы з патэнцыйнымі дзелавымі партнёрамі.
У 2011 годзе камбінату таксама ўдалося нарасціць пастаўкі ва Украіну, якая ўвайшла ў тройку лідараў краін-імпарцёраў глыбоцкай прадукцыі, пасунуўшы Узбекістан. Яе доля ў агульным аб'ёме экспарту заняла па выніках 10 месяцаў 1,4%. На Расію і Казахстан адпаведна прыпадае 70% і 18,6%. Пастаўкі таксама ажыццяўляліся ў Канаду, Азербайджан, Кыргызстан, Малдову, Арменію. За студзень-кастрычнік Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат экспартаваў прадукцыі на $39 млн., або 105% да аналагічнага перыяду мінулага года. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 60%.
Прадпрыемства заснавана ў 1966 годзе. Акцыянавана ў 1998-м. У яго склад уваходзяць Браслаўскі вытворчы філіял (былы малочны завод) з сыравіннай зонай і сельгаспрадпрыемства "Мнюта". Камбінат вырабляе малочныя кансервы, масла, сухое малако, цэльнамалочную прадукцыю, казеін, цвёрдыя сычужныя сыры. Асартымент прадукцыі налічвае больш за 120 найменняў. Колькасць працаўнікоў - 1,1 тыс. чалавек. За студзень-верасень прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br269 млрд., або 151% да аналагічнага ўзроўню 2010 года. Рэнтабельнасць продажаў склала 13%. -0-
БЕЛТА
Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат павялічыў у 2011 годзе пастаўкі ў Ізраіль у тры разы
2.11.20110 праглядаў