11 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" у 2012 годзе інвеставала ў асноўны капітал больш за Br100 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. У мінулым годзе на прадпрыемстве рэалізавалі некалькі буйных інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, камбінат накіраваў Br23,8 млрд. на лінію па вытворчасці стэрылізаванага малака ў пакеты брык асептык аб'ёмам 0,5-1 л, прадукцыйнасцю 7 тыс. упаковак у гадзіну. Дзякуючы гэтаму на прадпрыемстве створана 8 новых працоўных месцаў. Больш за Br27 млрд. затрачана на рэканструкцыю халадазабеспячэння і ўкараненне кагенерацыйнага абсталявання на базе безрэдуктарных газавых турбагенератараў сумарнай электрычнай магутнасцю 500 кВт у кацельні. Агульны эканамічны эфект ад рэалізацыі гэтых энергазберагальных мерапрыемстваў перавысіў Br2,2 млрд. Значныя інвестыцыі - амаль Br80 млрд. - накіраваны на рэканструкцыю Браслаўскага філіяла. Цалкам набыта абсталяванне для вытворчасці цвёрдых сыроў, мяккага сметанковага сыру і тварожных крэмаў. Мантаж пачаўся ў кастрычніку 2012 года. Як чакаецца, новае падраздзяленне запрацуе ў другой палове 2013 года. У бягучым годзе прадпрыемства працягне работы па абнаўленні вытворчых ліній, што дазволіць знізіць затраты на выпуск прадукцыі. Эканамічны эфект у Br7,3 млрд. чакаецца ад зніжэння металоёмістасці на 20% за кошт набыцця абсталявання для вытворчасці бляшанкі са зварным швом. Новая лінія будзе ўстаноўлена ў сярэдзіне бягучага года. ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" спецыялізуецца на выпрацоўцы малочных кансерваў, цэльнамалочнай прадукцыі, сухога цэльнага і абястлушчанага малака, сыроў і сметанковага масла. Прадпрыемства ўтворана ў 1972 годзе, ператворана ў ААТ у 1998 годзе. За 2012 год тэмп росту вытворчасці склаў 182,9%, выраблена таварнай прадукцыі ў дзейсных цэнах на Br742 млрд. Перапрацавана 130,4 тыс. т сыравіны, вытворчыя магутнасці былі загружаны на 80%. На знешнія рынкі прадпрыемства паставіла 47% прадукцыі. Аб'ём экспарту склаў $43,8 млн., што на 2,5% больш за паказчыкі 2011 года. Сальда знешнегандлёвага абароту станоўчае і амаль дасягнула $32 млн. За 11 месяцаў 2012 года прыбытак ад рэалізацыі гатовай прадукцыі склаў Br58,2 млрд., рэнтабельнасць продажаў склала 7,6%. Чысты прыбытак склаўся на ўзроўні Br4,9 млрд.-0-

БЕЛТА