Падрыхтоўваецца праект указа аб аб’яўленні ў Беларусі 2016 года Годам культуры. Пра гэта паведаміла сёння падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.
Падрыхтоўваецца праект указа аб аб’яўленні ў Беларусі 2016 года Годам культуры. Пра гэта паведаміла сёння падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.
"З ініцыятывай аб’явіць 2016 год Годам культуры выступілі ў першую чаргу творчыя работнікі. Гэтая ініцыятыва не столькі Міністэрства культуры Беларусі, колькі прадстаўнікоў творчых саюзаў", - сказала Ірына Дрыга.
Наступаючы год у сферы культуры - год знакавых юбілеяў, падкрэсліла першы намеснік міністра культуры. Гэта і 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, юбілеі Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, яшчэ многіх беларускіх літаратараў. Гэта юбілейны год для фестывалю мастацтваў "Славянскі базар" - яму 25 гадоў. Кожная з гэтых падзей, кожная з гэтых асоб вартыя таго, каб выбудоўваць комплексы мерапрыемстваў, лічыць Ірына Дрыга.
Так, адной з першых знакавых падзей цыкла мерапрыемстваў памяці Уладзіміра Мулявіна стане канцэрт 12 студзеня - у дзень нараджэння знакамітага беларуса ў Белдзяржфілармоніі. Падрыхтоўваецца і праект пад творчым кіраўніцтвам жонкі Уладзіміра Мулявіна - Святланы Пінкінай. Гэта будзе арыгінальная праграма, аўтарскі вечар, прадстаўленне твораў, якія былі напісаны самім музыкантам. Плануецца паказ спектакля "Песняр" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага і рок-оперы "Песня пра долю" Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі.
У будучым годзе запланавана шмат мерапрыемстваў да юбілею Максіма Багдановіча, дадала першы намеснік міністра. Пройдуць розныя акцыі, як напрыклад, "Чытаем Багдановіча разам".
У 2016 годзе будзе актуальная тэма папулярызацыі беларускага мастацтва, яркіх імёнаў беларускай культуры. Будуць адкрыты некаторыя аб'екты культуры пасля рэстаўрацыі. У Слуцку плануецца ўсталяваць помнік легендарнай княгіні Анастасіі Слуцкай.