21 ліпеня, Верхнядзвінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Галандская кампанія Campina праяўляе сур'ёзную цікавасць да малочнай галіны Беларусі. Аб гэтым далажыў сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы пасля наведвання кіраўніком дзяржавы ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Міністр асабліва адзначыў, што з выхадам беларускай малочнай прадукцыі на знешнія рынкі да малочнай галіны Беларусі ўзнік інтарэс з боку замежных інвестараў. У прыватнасці, адной з такіх кампаній з'яўляецца галандскі вытворца малочнай прадукцыі Campina, шырока вядомы на расійскім рынку сваёй гандлёвай маркай ёгуртаў Fruttis і "Нежный". Міхаіл Русы таксама расказаў кіраўніку дзяржавы аб тым, як вядзецца праца над стварэннем малочнай кампаніі на базе ААТ "Савушкін прадукт". Даручэнне стварыць да канца года нацыянальную малочную кампанію, якая будзе займацца вытворчасцю і перапрацоўкай малака, Прэзідэнт даў у канцы чэрвеня, наведваючы з рабочай паездкай Брэсцкую вобласць. Што тычыцца малочнаперапрацоўчай галіны, то, па словах міністра, плануецца, што сёлета на перапрацоўчыя прадпрыемствы паступіць 6 млн.т малака, з якога будзе выраблена 158 тыс.т сыру, 110 тыс.т масла, 120 тыс.т абястлушчанага і звычайнага малака, 2-2,2 млн.т цэльнамалочнай прадукцыі для патрэб насельніцтва, астатняе ж будзе пастаўляцца на экспарт. Акрамя таго, Беларусь экспартуе каля 95% вырабленага сухога малака.-0-

БЕЛТА