Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка лічыць эканамічныя вынікі працы за 9 месяцаў гэтага года нядрэннымі, а стан эканомікі - у цэлым лепш, чым у суседніх краінах.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка лічыць эканамічныя вынікі працы за 9 месяцаў гэтага года нядрэннымі, а стан эканомікі - у цэлым лепш, чым у суседніх краінах. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я далажыў Прэзідэнту аб выніках працы эканомікі за 9 месяцаў. Яны нядрэнныя, хоць праца ідзе ў дастаткова складаных умовах. Працэс аднаўлення сусветнай эканомікі ад пандэміі COVID-19, на жаль, зацягваецца з прычыны наступу другой хвалі, - сказаў прэм'ер-міністр. - У цэлым эканоміка Беларусі адчувае сябе, я б сказаў, лепш, чым эканоміка рэгіёну ў цэлым, у тым ліку і дзякуючы тым вывераным і кропкавым мерам па падтрымцы эканамічнага росту, якія прымаюцца ў краіне".

Раман Галоўчанка таксама прадставіў Прэзідэнту бачанне ўрада адносна вынікаў года. "Вядома, задача выйсці на стопрацэнтны рост эканомікі - дастаткова напружаная, неабходна адшукаць дадатковыя рэсурсы. На фоне падзення эканомік нашых суседзяў, дзе на 4%, дзе на 5%, а дзе і на 9%, утрымаць тэмп у 100%, вядома, складана, але выканальна пры спрыяльным збегу абставін. Урад настроены гэтую задачу выканаць", - адзначыў прэм'ер-міністр. Ён растлумачыў, што пад такімі абставінамі маюцца на ўвазе адсутнасць поўнага локдауна і ўзмацнення карантынных мер у асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. "Разлічваем, што сцісканне эканомікі не будзе занадта моцным, таму што мы вельмі завязаны на знешнія рынкі", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, тэмп росту ВУП па выніках трох кварталаў супастаўны з аналагічным перыядам 2019 года. "Фактычна мы бачым, што эканоміка Беларусі выбралася з невялікага прасядання ў другім квартале і зараз дастаткова ўстойліва рухаецца да задачы па выхадзе на 100% ВУП у адносінах да ўзроўню 2019 года", - канстатаваў прэм'ер-міністр.