8 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародныя шматэтапныя спаборніцтвы па аўтакросе "Славянскі кубак" пройдуць 10-11 верасня ў Оршы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар спаборніцтваў Аляксандр Дзямешчанка. Аўтакрос пройдзе на экстрым-палігоне "Куцеенка" у мікрараёне-1 Оршы. У стартах возьмуць удзел больш за 60 экіпажаў у складзе аднаго чалавека з Беларусі і Расіі. У першы дзень удзельнікі выступяць у катэгорыях "Нацыянальны-2000" і "Д-1 Юніёр". За перамогу ў апошняй катэгорыі ў тым ліку паспрачаюцца пераможца першынства па аўтакросе чэмпіянату Беларусі 2011 года Глеб Дзямешчанка (бартавы нумар 43) і чэмпіён Расіі 2010 года сярод юніёраў Максім Васільеў (бартавы нумар 27). 11 верасня пройдуць заезды ў катэгорыях "Д-2 Supercars" і "Д-3 Спрынт". Пры наяўнасці ў адной катэгорыі больш за дзесяць экіпажаў будуць фарміравацца паўфінальныя заезды. Таксама па жаданні гоншчыкаў магчыма арганізацыя суперзаезду - гонкі, у якой змогуць прыняць удзел усе жадаючыя ўдзельнікі незалежна ад сваёй катэгорыі. Узнагароджанне пераможцаў з уручэннем каштоўных прызоў, кубкаў, медалёў і дыпломаў адбудзецца 11 верасня. Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць Аршанскі гарвыканкам і ДТСААФ. Мерапрыемства праводзіцца па ініцыятыве губернатараў Віцебскай і Смаленскай абласцей Беларусі і Расіі ў мэтах умацавання інтэграцыі двух народаў.-0-

БЕЛТА