«Музычная група» гіпсавых жаб, застылых у дынамічным выкананні, выразаныя з дрэва нацюрморты, мудрагелістыя саломныя дэталі – працы лепельскіх педагогаў не маглі не ўразіць сваёй неардынарнасцю і разнастайнасцю.

«Музычная група» гіпсавых жаб, застылых у дынамічным выкананні, выразаныя з дрэва нацюрморты, мудрагелістыя саломныя дэталі – працы лепельскіх педагогаў не маглі не ўразіць сваёй неардынарнасцю і разнастайнасцю. Чарговы раз аматараў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі сабрала выстава «Горад майстроў-2013».
  22 педагогі ўстаноў адукацыі горада і раёна і 17 педагогаў дадатковай адукацыі цэнтра, 12 намінацый... 

-  Гэтая выстава праводзіцца ў нас больш за 15 гадоў, - заўважае метадыст РЦдзіМ Алена Місьнік. - «Старажылы» цэнтра памятаюць першыя выставы. Яны праходзілі ў былым будынку цэнтра дзіцячай творчасці, у маленькай зале, на трэцім паверсе. Потым выстава перамясцілася ў залу інтэлектуальных гульняў клуба «РА» таго ж будынка, а яшчэ пазней - у салон-краму «Скарбонка». Самыя першыя працы былі з традыцыйных матэрыялаў: саломы, паперы, пластыкавых бутэлек.

 Характэрна, што раней экспазіцыі складаліся выключна з дзіцячых работ, а з 2000 года свае працы сталі выстаўляць і педагогі. Ахвотных паўдзельнічаць было шмат, таму выставы педагогаў і іх выхаванцаў вырашылі чаргаваць. Сёлета прэзентаваць вынікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці чарга выпала дарослым. Кожны з іх выбраў, што бліжэй: ад традыцыйных тэхнік - такіх як, лапікавае шыццё, дрэваапрацоўка, кераміка, вышыўка – да сучасных напрамкаў. Да прыкладу, у тэхніцы скрапбукінг аформіла сямейныя фотаздымкі настаўніца малявання ДУА «Гімназія ім. І.М. Ерашова г. Лепеля» Ларыса Станкевіч. Адну з работ, каб прадставіць на выставе, Ларысе Леанідаўне давялося часова «выняць» у дачкі з хатняга інтэр'ера: гадзіннік з сямейным фотаздымкам рукадзельніца ўжо паспела падарыць зяцю. Здзівіла ўсіх і скульптурная кампазіцыя іншага педагога гімназіі Ігара Трыбо. Яго гіпсавы ансамбль з пяці жаб-музыкантаў – барабаншчыка, гітарыстаў і салістаў - узвышаўся на паўметра пасярод залы. Дарэчы, размясцілі ўсе працы па тэматычных зонах.