11 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Гарадскі грамадскі транспарт у Віцебску з 11 ліпеня пераходзіць на фестывальны рэжым работы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.
Распараджэннем гарвыканкама ў сувязі з правядзеннем XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" перабудоўваецца работа гарадскога пасажырскага транспарту. З 11 па 20 ліпеня падаўжаецца работа пасажырскага транспарту да 3.00 па 14 маршрутах гарадскіх аўтобусаў, 6 маршрутах тралейбусаў і 4 маршрутах трамваяў. Будзе забяспечана кругласутачная работа перасоўных дыспетчарскіх пастоў на плошчах Перамогі і Свабоды, праведзены разлік неабходнай колькасці дадатковых графікаў. Такім чынам усе часткі горада, уключаючы ўскраіны і жылыя раёны, будуць звязаны з цэнтральнымі канцэртнымі пляцоўкамі фестывалю.
Гарадскія прадпрыемствы, якія займаюцца грамадскімі перавозкамі, прадугледзелі графікі падачы транспарту з улікам заканчэння начных канцэртаў у Летнім амфітэатры. Філіял "Аўтобусны парк №1 г.Віцебска" ААТ "Віцебскаблаўтатранс" да заканчэння канцэртаў дадаткова вылучае 17 аўтобусаў, УКВП "Віцебскае трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне" — 17 тралейбусаў і 12 трамваяў.
У выпадку, калі канцэрты будуць праходзіць даўжэй за запланаванае, то перавозчыкі абяцаюць забяспечыць аператыўнае змяненне графікаў руху рухомага саставу, а на выпадак перабояў у рабоце гарадскога электратранспарту прадугледжана вылучэнне дадатковай колькасці аўтобусаў.-0-
БЕЛТА
Гарадскі пасажырскі транспарт Віцебска з 11 ліпеня пераходзіць на фестывальны рэжым працы
11.7.20120 праглядаў