16 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзярждума Расіі сёння ратыфікавала міжурадавае беларуска-расійскае пагадненне аб ажыццяўленні транспартнага кантролю на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пагадненне было падпісана ў Мінску 5 кастрычніка 2010 года. Яго мэтай з'яўляецца спрашчэнне перамяшчэння тавараў і транспартных сродкаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, а таксама каардынацыя органаў транспартнага (аўтамабільнага) кантролю дзвюх краін пры ажыццяўленні міжнародных аўтамабільных перавозак як па тэрыторыі Расіі, так і па тэрыторыі Беларусі. Рэалізацыя дакумента дазволіць стварыць умовы для пераносу транспартнага кантролю з расійска-беларускай мяжы на знешнюю мяжу Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, ствараецца прававая аснова для арганізацыі інфармацыйнага абмену паміж органамі транспартнага (аўтамабільнага) кантролю Беларусі і Расіі.
Пагадненне таксама ўводзіць паняцці "знешняя мяжа Саюзнай дзяржавы", "унутраная мяжа", "вагавыя і габарытныя параметры транспартнага сродку". Прадугледжваецца, што транспартныя сродкі, якія рухаюцца ў дзяржаву аднаго боку праз тэрыторыю дзяржавы другога боку, падлягаюць транспартнаму (аўтамабільнаму) кантролю ў кантрольных пунктах, размешчаных на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы боку, праз тэрыторыю якога рухаюцца ўказаныя транспартныя сродкі.-0-
БЕЛТА
Дзярждума РФ ратыфікавала пагадненне з Беларуссю аб транспартным кантролі на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы
16.3.20120 праглядаў