Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету запусціць мабільны дадатак для паведамленняў аб парушэннях. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ распавёў начальнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі Сяргей Новікаў, паведамляе БЕЛТА.

Для распрацоўкі мабільнага дадатку Дзяржінспекцыя прыцягвала спецыялістаў. "Пры выяўленні правапарушэнняў карыстальнік зможа зафіксаваць іх і адправіць нашай дзяжурнай службе. Адпаведна, дзяжурная служба будзе аператыўна рэагаваць і перадаваць даныя інспектарам на месцах", - сказаў кіраўнік ведамства. Запусціць дадатак плануецца ў бліжэйшы час. Ён будзе працаваць на аперацыйнай сістэме Android, пазней і на іншых АС.

Сяргей Новікаў распавёў яшчэ аб адным ініцыяваным Дзяржінспекцыяй новаўвядзенні - электронным уліку драўніны. "Уся сутнасць яго і сэнс пабудаваны на тым, каб можна было адсачыць рух драўніны ад моманту, калі яна спілавана, і да спажыўца, каб кантроль быў першапачаткова машынны і каб інспектар потым мог праверыць на камп'ютары законнасць перамяшчэння драўніны, - распавёў ён. - Убачыўшы паведамленне ў выглядзе, напрыклад, электроннай накладной, інспектар мог бы выехаць і праверыць, наколькі законна ажыццяўляецца высечка. Машына не зможа прымаць няправільныя даныя альбо тое, што не ўзгадняецца з заканадаўствам". Начальнік Дзяржінспекцыі адзначыў, што ўжо практычна скончана праца па алічбоўцы ляснога фонду.

Гаворачы аб выніках працы Дзяржінспекцыі за 15 гадоў, Сяргей Новікаў падкрэсліў, што беларусы зусім па-іншаму сталі ставіцца да прыроды. "Правасвядомасць значна вырасла. І абсалютна ўпэўнена можна сказаць, што тэндэнцыя да змяншэння правапарушэнняў - яна штогадовая", - сказаў кіраўнік ведамства.