5 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзяржінспекцыя працы патрабуе ўзмацніць кантроль за бяспекай работнікаў на прадпрыемствах жыллёва-камунальнай і лясной гаспадаркі Віцебскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў. Паводле яго слоў, у бягучым годзе ў рэгіёне значна ўзрасла колькасць выпадкаў траўміравання работнікаў на вытворчасці ў гэтых сферах. Так, у арганізацыях ЖКГ па стане на 31 кастрычніка 2012 года зарэгістравана 8 няшчасных выпадкаў з цяжкім зыходам, што на 6 фактаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года. Іх асноўнымі прычынамі з'явіліся невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы (23,1% ад усіх прычын), парушэнне патрабаванняў бяспекі пры эксплуатацыі транспартных сродкаў, машын, механізмаў, абсталявання (23,1%), адсутнасць арганізацыйна-тэхналагічнай дакументацыі (15,4%), парушэнне самімі пацярпелымі патрабаванняў інструкцый па ахове працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны, а таксама нездавальняючая распрацоўка інструкцый па ахове працы (па 7,6%). "Акрамя таго, аналіз няшчасных выпадкаў паказаў, што асобнымі наймальнікамі не выконваюцца патрабаванні заканадаўчых і нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць бяспечныя ўмовы працы работнікаў пры правядзенні земляных, пагрузачна-разгрузачных работ, работ з мабільных пад'ёмных рабочых платформ, а таксама звязаных з эксплуатацыяй і тэхнічным абслугоўваннем аўтамабільных транспартных сродкаў", - адзначыў Сяргей Ануфрыеў. Не лепшым чынам складваецца сітуацыя і ў арганізацыях Міністэрства лясной гаспадаркі, размешчаных на тэрыторыі Віцебскай вобласці. За студзень-кастрычнік 2012 года ў іх адбылося 3 няшчасныя выпадкі на вытворчасці з цяжкімі наступствамі, з іх 2 са смяротным зыходам і 1 з цяжкім, у той час як за аналагічны перыяд 2011 года быў зарэгістраваны толькі адзін няшчасны выпадак з цяжкім зыходам (выпадкаў гібелі на вытворчасці не было).