Дзяржкаммаёмасць прапануе прыцягваць да адказнасці кіраўнікоў за непрыняцце мер па ўліку дзяржаўнай маёмасці
6.3.20120 праглядаў
6 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь (Дзяржкаммаёмасць) лічыць неабходным прыцягваць да адказнасці кіраўнікоў за непрыняцце мер па ўліку і эфектыўным выкарыстанні дзяржмаёмасці. Аб гэтым сёння на чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў паведаміў першы намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці Сяргей Пяткоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Праблемы неўлічанай маёмасці па-ранейшаму застаюцца актуальнымі. У 2011 годзе практычна на ўсіх рэфармаваных рэспубліканскіх прадпрыемствах інвентарызацыяй выяўлена каля тысячы неўлічаных аб'ектаў агульным коштам Br30 млрд. Акрамя таго, Дзяржкаммаёмасць у ходзе выбарачных праверак у 76 арганізацыях выявіла прыкладна 150 неўлічаных аб'ектаў", - канстатаваў Сяргей Пяткоў. Ён перакананы, што адказнасць за поўнату ўліку абавязаны несці кіраўнікі гэтых суб'ектаў гаспадарання. Паводле яго слоў, у цяперашні час у кантракты з кіраўнікамі ўносяцца змены, якія датычацца гэтай абавязкі. "Неабходна прымаць больш строгія меры ўздзеяння, ініцыяваць у вышэйстаячых арганізацыях дэпрэміраванне такіх кіраўнікоў", - дадаў ён.
У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА Сяргей Пяткоў адзначыў, што зыходзячы з патрабаванняў Дырэктывы №4 і праграмы дзейнасці ўрада вызначаны асноўныя напрамкі работы ведамства на 2012 год і на перспектыву да 2015 года. У першую чаргу, гэта завяршэнне аптымізацыі складу дзяржпрадпрыемстваў, складу і памеру належных дзяржаве пакетаў акцый, далейшае рэфармаванне і продаж дзяржуласнасці, у кіраванні якой удзелу дзяржавы не патрабуецца, а таксама стварэнне адзінага рэестра дзяржмаёмасці.
У 2011 годзе Дзяржкаммаёмасць сумесна з тэрытарыяльнымі фондамі працягнула работу па фарміраванні адзінага рэестра дзяржаўнай маёмасці і ўнясенні ў яго актуалізаваных даных. На сённяшні дзень у рэестры маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці, улічана больш за 12,5 тыс. юрыдычных асоб, звыш 700 тыс. аб'ектаў нерухомасці і каля 110 тыс. зямельных участкаў. Акрамя таго, дзяржава з'яўляецца акцыянерам амаль 2 тыс. адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных шляхам рэфармавання дзяржаўных прадпрыемстваў, у 70% якіх дзяржаве належыць больш за 75% акцый.
Паводле слоў Сяргея Пяткова, работа па стварэнні адзінага рэестра праводзіцца планава, яе завяршэнне прадугледжваецца ў 2013 годзе ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы №68 ад 16 лютага 2012 года.
Адзіны дзяржаўны рэестр будзе з'яўляцца дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам электроннага ўліку звестак аб асобных відах дзяржмаёмасці, а таксама суб'ектах, якія маюць гэту маёмасць на розных правах. Ён будзе стварацца па адзінай метадалогіі з выкарыстаннем найноўшых сеткавых інфармацыйных тэхналогій, што дазволіць аператыўна весці ўлік дзяржмаёмасці, ажыццяўляць узаемадзеянне паміж рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Гэта таксама дазволіць інтэграваць рэестр з іншымі інфармацыйнымі сістэмамі ў мэтах аптымізацыі прыняцця рашэнняў па кіраванні і распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю.-0-
БЕЛТА