Дзяржаўны камітэт па маёмасці пракаментаваў дэкрэт №5, якім уносяцца змены ў дэкрэт №3 ад 20 сакавіка 1998 года "Аб прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.
Новай рэдакцыяй дэкрэта прадугледжана спагнанне толькі нявыплачанай сумы дывідэндаў і пені. Норма аб спагнанні з акцыянернага таварыства штрафу за несвоечасовае пералічэнне або непералічэнне дывідэндаў на акцыі, што належаць дзяржаве, дакументам выключана. "Праведзены аналіз сітуацыі паказаў, што асноўнай прычынай парушэння тэрмінаў выплаты дывідэндаў з'яўлялася адсутнасць (недастатковасць) у гаспадарчых таварыствах у гэты перыяд грашовых сродкаў на рахунках, у тым ліку і па прычыне несвоечасовых разлікаў з імі. З улікам унесеных змен мера адказнасці будзе прапарцыйнай характару дзеяння, адпавядаць патрабаванням справядлівасці і спрыяць росту эканамічнай самастойнасці таварыстваў", - растлумачылі ў Дзяржкаммаёмасці.
Астатнія нормы дэкрэта скарэкціраваны для іх актуалізацыі з улікам норм дзеючага заканадаўства і практыкі прымянення. Паняцце "блізкія сваякі", згаданае ў дэкрэце №3, прыведзена ў адпаведнасць з нормамі Кодэкса аб шлюбе і сям'і. Норма, якая датычыцца выхаду юрыдычных асоб дзяржаўнай формы ўласнасці або з доляй дзяржавы ва ўстаўным фондзе са складу ўдзельнікаў гаспадарчага таварыства або таварыства, выключана з прычыны урэгулявання гэтага пытання палажэннямі Грамадзянскага кодэкса і закона "Аб гаспадарчых таварыствах".
Нормы, якія датычацца абмену акцый на іменныя прыватызацыйныя чэкі "Маёмасць" работнікам прадпрыемстваў, што пераўтвараюцца ў ААТ, і прыраўнаваным да іх асобам, выключаны, бо яны страцілі сваю актуальнасць. З улікам дзеючай рэдакцыі закона "Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы" абмен на чэкі "Маёмасць" праводзіцца толькі ў дачыненні да акцый ААТ, створаных у працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі да 1 студзеня 2011 года.