14 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзяржкантроль правярае стан машынных двароў у гаспадарках Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці. Спецыяльна створаная міжведамасная рабочая група праводзіць маніторынг своечасовасці пастаноўкі тэхнікі на захоўванне ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, забеспячэння яе захаванасці, падтрымання належнага стану машынных двароў, наяўнасці ў іх кантрольна-прапускных пунктаў. На асаблівым кантролі пытанні добраўпарадкавання тэрыторый машынных двароў. Да цяперашняга часу праверана 16 сельгаспрадпрыемстваў Сенненскага, Аршанскага, Верхнядзвінскага і Браслаўскага раёнаў, былі выяўлены шматлікія факты парушэнняў і бязгаспадарнасці. У прыватнасці, у многіх гаспадарках складаная сельгастэхніка (збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны), прычапныя агрэгаты не былі пастаўлены на доўгатэрміновае захоўванне ў адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі, тэрыторыя мехдвароў не была агароджана належным чынам, адсутнічала яе дастатковае асвятленне, не было спецыяльных пляцовак для складання спісанай тэхнікі, металалому і ўтыльных шын. "Па выніках праверак работнікі міжведамаснага гурта ўнеслі прапановы па ліквідацыі парушэнняў у адрас гаспадарак, што дазволіла своечасова выправіць сітуацыю", - адзначылі спецыялісты, падкрэсліўшы, што выбарачны маніторынг у гаспадарках вобласці будзе працягнуты, таму адказным службовым асобам сельгасарганізацый варта загадзя паклапаціцца пра стан машынных двароў і даручанай ім тэхнікі. У адваротным выпадку да несумленных кіраўнікоў будуць прымацца жорсткія меры. Па выніках праверкі падрабязная інфармацыя з высновамі і прапановамі будзе прадстаўлена ў КДКА Беларусі і Віцебскі аблвыканкам.-0-

БЕЛТА