Дзяржпраграма развіцця аўтатранспарту на 2011-2015 гады зацверджана ў Беларусі
28.12.20100 праглядаў
28 снежня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Дзяржаўная праграма развіцця аўтамабільнага транспарту на 2011-2015 гады зацверджана ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №1886, паведамілі БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Як расказалі ва ўпраўленні аўтамабільнага, гарадскога электрычнага транспарту і метрапалітэна Міністэрства транспарту і камунікацый, каментуючы пастанову, новая праграма прадугледжвае далейшае ўдасканаленне сістэмы арганізацыі і кіравання аўтамабільным транспартам Беларусі, развіццё ўнутрырэспубліканскіх аўтаперавозак пасажыраў і грузаў, пашырэнне знешнеэканамічнай дзейнасці ў галіне аўтамабільных перавозак.
Асаблівую ўвагу будзе нададзена абнаўленню парку аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў. На гэтыя мэты ў будучай пяцігодцы плануецца накіраваць Br1,2 трлн., у тым ліку на набыццё аўтобусаў - Br854,6 млрд., на набыццё грузавой аўтатэхнікі - Br350,7 млрд. За гэтыя сродкі будзе закуплена каля 3 тыс. аўтобусаў і 2,2 тыс. адзінак грузавой аўтатэхнікі.
Будуць прыняты дадатковыя меры па развіцці і аптымізацыі маршрутнай сеткі ўнутрырэспубліканскіх аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах. Плануецца павялічыць акупіруемасць прыгарадных і міжгародніх пасажырскіх перавозак.
Для набыцця аўтамабільных транспартных сродкаў, неабходных для ажыццяўлення міжнародных перавозак пасажыраў і грузаў, плануецца прыцягнуць замежныя інвестыцыі на $10 млн.
Па дзяржпраграме будуць таксама рэалізаваны мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх перавозчыкаў і пашырэнне айчыннага рынку транспартных паслуг. "Для павелічэння долі экспарту паслуг ад перавозак пасажыраў аўтатранспартам неабходна забяспечыць абнаўленне парку аўтобусаў турыстычнага класа і ўдасканаленне падаткаабкладання перавозчыкаў", - лічаць у Мінтрасе.
Рэалізацыя праграмы дазволіць да 2015 года ў параўнанні з 2010 годам павялічыць экспарт аўтатранспартных паслуг у два разы, або на $513,7 млн., знізіць імпартаёмістасць транспартных паслуг да 21%, штогод павялічваць даходы, атрыманыя ад прадастаўлення аўтатранспартных паслуг насельніцтву ў супастаўных цэнах на 1,1%. Эксплуатацыйныя выдаткі па перавозках грузаў і пасажыраў штогод будуць змяншацца на 2%. Ад развіцця аўтатранспартнага комплексу выйграе і экалогія. Так, выкіды забруджвальных рэчываў ад аўтатранспарту з адпрацаванымі газамі плануецца кожны год скарачаць на 1-2%.
Працягнецца ўкараненне ў галіне інавацыйных тэхналогій і распрацовак. Сярод іх - сістэмы і тэхнічныя сродкі аўтаматызаванага кіравання рухам аўтобусаў на рэгулярных маршрутах гарадскіх і прыгарадных перавозак пасажыраў, аўтаматызаваная сістэма кантролю, уліку і аналізу параметраў працы транспартных сродкаў, а таксама сістэма продажу электронных білетаў на праезд пасажыраў і перавозку багажу ў аўтатранспарце.
Новая дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць прадастаўляемых аўтатранспартных паслуг і канкурэнтаздольнасць айчынных перавозчыкаў на рынку міжнародных перавозак.-0-
БЕЛТА