11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў актывізаваць работу па прыняцці ў найбліжэйшы час дзяржаўнай праграмы развіцця культуры на 2011-2015 гады. Такі даручэнне кіраўнік дзяржавы паставіў 10 жніўня, прымаючы з дакладам міністра культуры Паўла Латушку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Па словах Паўла Латушкі, гэтая праграма створыць дадатковыя магчымасці для развіцця культуры і мастацтва Беларусі ў найбліжэйшай пяцігодцы.
Кіраўніку дзяржавы даложана аб выніках работы Міністэрства культуры з чэрвеня 2009 года - часу прызначэння Паўла Латушкі на пасаду міністра.
Прэзідэнт праінфармаваны аб перспектывах далейшага развіцця сферы эстрады і кінамастацтва Беларусі. У найбліжэйшы час плануецца правесці нараду на ўзроўні кіраўніка дзяржавы з удзелам прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, дзеячаў культуры, кінамастацтва і дэталёва прааналізаваць стан і перспектывы развіцця кінамастацтва ў Беларусі.
На сустрэчы размова ішла таксама аб рабоце ВНУ сферы культуры. Прэзідэнт даручыў па выніках іх праверкі актывізаваць работу па павышэнні ў іх узроўню навучальнага працэсу.
Прэзідэнт падтрымаў некалькі прапаноў Міністэрства культуры. У прыватнасці, аб стварэнні сістэмы нацыянальных прэферэнцый для развіцця айчынных культуры і мастацтва. Прапануецца стварыць больш льготныя нормы падаткаабкладання ў беларускім заканадаўстве, якія б дазволілі прыцягваць больш пазабюджэтных сродкаў для развіцця сферы культуры і мастацтва.
Аляксандр Лукашэнка адобрыў ініцыятыву аб стварэнні пры ўрадзе грамадскага савета па развіцці культуры і мастацтва, у склад якога ўвойдуць як усім вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі, так і прадстаўнікі таленавітай моладзі.
Падтрымаў кіраўнік дзяржавы і прапанову аб заснаванні нацыянальнай тэатральнай прэміі. На думку Паўла Латушкі, гэта створыць дадатковыя магчымасці для стымулявання развіцця беларускага тэатральнага мастацтва.-0-
БЕЛТА
Дзяржпраграма развіцця культуры на 2011-2015 гады распрацоўваецца ў Беларусі
11.8.20100 праглядаў