Рабочы графік Прэзідэнта Беларусі заўсёды вельмі насычаны падзеямі. Аляксандр Лукашэнка праводзіць нарады і рабочыя сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях развіцця краіны, рэгулярна бывае ў рэгіёнах, здзяйсняе замежныя візіты і сам прымае замежных гасцей, размаўляе з журналістамі, падпісвае ўказы і законы. І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім не значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Зрэшты, і падчас адпачынку, няхай гэта будзе хакейная трэніроўка ці рубка дроў, Аляксандр Лукашэнка час ад часу знаходзіць нагоду для чарговага даручэння. Як ён любіць казаць, трэба ва ўсім ісці ад жыцця. 

Праект "Нядзеля Прэзідэнта" для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы, быць у курсе найбольш актуальных заяў і рашэнняў беларускага лідара.  

За кошт чаго Камчатка можа стаць бліжэй да Беларусі і якія маштабныя перспектывы ў працы з гэтым расійскім рэгіёнам адкрываюцца ўжо цяпер. 

Пра што прэзідэнты Беларусі і Узбекістана дамовіліся ў Ташкенце, дзе разам пабывалі, каму тэлефанавалі і чаму зараз самы правільны час для развіцця супрацоўніцтва.  

Як у Беларусі хочуць "закруціць" якасць, у чым плюсы айчыннай "дыктатуры" і што Лукашэнка пажадаў Сі Цзіньпіну ў надыходзячым годзе Дракона.  

Пра гэта і не толькі ў новым выпуску спецыяльнага праекта БЕЛТА "Нядзеля Прэзідэнта".

БЛІЗКАЕ ДАЛЕКА. Як скараціць адлегласць паміж Беларуссю і Камчаткай

Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак, 5 лютага, прымаў у Палацы Незалежнасці дэлегацыю Камчацкага краю Расіі на чале з губернатарам Уладзімірам Саладовым.

Шлях неблізкі - 9 гадзін розніцы ў часе. У прэс-цэнтры нават жартавалі, што расіян з далёкаўсходняга рэгіёну можна назваць сапраўднымі гасцямі з будучыні, бо калі ў Мінску толькі кладуцца спаць, жыхары Петрапаўлаўска-Камчацкага ўжо снядаюць і ідуць на працу.

"Такі далёкі шлях. 9 гадзін ляцеў?" - адразу спытаў Аляксандр Лукашэнка, цёпла вітаючы губернатара.