28 красавіка, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Дзяржаўныя СМІ павінны поўна адлюстроўваць усе вехі развіцця краіны. Аб гэтым сёння ў Гродне заявіла першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, адкрываючы рэспубліканскі семінар кіраўнікоў беларускіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як падкрэсліла Лілія Ананіч, семінар праводзіцца для таго, каб кіраўнікі СМІ маглі яшчэ раз паглядзець, паслухаць, атрымаць важную інфармацыю з першых вуснаў і такім чынам зверыць курс і гадзіннік у плане асвятлення ўсіх напрамкаў развіцця Беларусі, праводзімай у краіне сацыяльнай, эканамічнай палітыкі.
Двухдзённы семінар праходзіць у Гродзенскай вобласці, якая дэманструе дынамічныя тэмпы развіцця. Першы дзень мерапрыемства насіў практычны характар. Перад цырымоніяй афіцыйнага адкрыцця яго ўдзельнікі наведалі прамысловыя, сацыяльныя і культурныя аб'екты Гродна, Ліды, Гродзенскага, Шчучынскага і Ваўкавыскага раёнаў.
Галоўнае пасяджэнне форуму адбудзецца ў Гродне 29 красавіка. На ім будуць разгледжаны пытанні інфармацыйнага забеспячэння дзяржпалітыкі ў розных галінах. Не абыдзецца без чыста прафесійных тэм: падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў, тэндэнцый развіцця тэлебачання, друкаваных СМІ і інтэрнэт-вяшчання. На думку Ліліі Ананіч, адной з найважнейшых тэм сёння становіцца праца журналіста ва ўмовах з'яўлення на інфармацыйнай прасторы такіх гульцоў, як інтэрнэт-СМІ. Гэтай тэме будзе прысвечана асобнае выступленне. У пасяджэнні возьмуць удзел міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Макей.
Своеасаблівым працягам работы семінара стане выстава "СМІ Беларусі", якая пройдзе 4-7 мая ў Мінску. "На яе прыедуць прадстаўнікі як мінімум васьмі краін, і гэта сведчыць аб тым, што мы можам ганарыцца нашай інфармацыйнай прасторай", - адзначыла Лілія Ананіч.
Арганізатарамі семінара выступаюць Міністэрства інфармацыі і Гродзенскі аблвыканкам. Усяго ў форуме возьмуць удзел больш за 200 кіраўнікоў і прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, галоўныя рэдактары рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ Беларусі, прэс-сакратары розных ведамстваў.-0-
БЕЛТА
Дзяржаўныя СМІ павінны поўна адлюстроўваць усе вехі развіцця краіны - Л.Ананіч
28.4.20110 праглядаў