4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у сферы машынабудавання і лёгкай прамысловасці, удасканаленне падатковай сістэмы і рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, вялікі асабісты ўклад у развіццё сродкаў сувязі, сферы адукацыі, культуры, мастацтва і спорту дзяржаўных узнагарод Беларусі ўдастоены 72 работнікі розных сфер. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны галоўны трэнер спартыўнай каманды таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гандбольны клуб "СКА-Мінск" Спартак Мірановіч.

Работнікі ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Мінскі маторны завод" удастоены ордэна Пашаны. Сярод іх токаp эксперыментальнага цэха Анатоль Лазоўскі, вадзіцель аўтамабіля транспартнага цэха Алег Леўданскі, выпрабавальнік рухавікоў цэха зборкі і выпрабавання матораў Віктар Саўчук, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання цэха малых серый Васіль Тарасевіч.

Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца артыст аркeстра вышэйшай катэгорыі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркeстра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча ўстановы "Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія" Аляксандр Крамко і артыст размоўнага жанру вышэйшай катэгорыі канцэртна-гастрольнага аддзела філармоніі Уладзімір Радзівілаў.

Заслугі шэрагу грамадзян адзначаны медалём "За адвагу" і "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый".

Вялікая група работнікаў розных сфер удастоена медаля "За працоўныя заслугі". Сярод іх старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў і першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў.

Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны галоўны рэжысёр Драматычнага тэатра беларускай арміі Марына Дударава і дырэктар прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Перцаў.

Указам таксама прысвойваюцца ганаровыя званні "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь".-0-